Мінск 01:25

Лябедзька прапанаваў падрыхтаваць заяўку на ўступленне Беларусі ў ЕС

Анатолий Лебедько
Анатоль Лябедзька
Архіўнае фота: "Позірк"

3 жніўня, Позірк. Падрыхтаваць і накіраваць у Брусэль заяўку на ўступленне Беларусі ў Еўрасаюз прапанаваў дарадца дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве і канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька на двухдзённай канферэнцыі “Новая Беларусь 2024”, якая адкрылася ў Вільнюсе 3 жніўня.

На думку Лябедзькі, гэта стала б не толькі сімвалам, “але і палітычнай воляй”.

Акрамя таго, распавядаючы пра палітычныя планы для дэмакратычных сілаў і агулам беларусаў, Лябедзька прапанаваў “унесці ў палітычны каляндар” 2024 і 2025 гады, у якіх старшынстваваць у ЕС будуць Польшча і Літва.

“Гэта наш шанец, каб праблемы, пра якія мы казалі, пераўтварыць у план дзеянняў, каб іх зменшыць”, — падкрэсліў Лябедзька. Дарадца Ціханоўскай таксама лічыць мэтазгодным правядзенне ў Варшаве пад патранатам польскага прэм’ера Дональда Туска ці кіраўніка МЗС гэтай краіны Радаслава Сікорскага канферэнцыі па Беларусі.

Лябедзька таксама адзначыў, што ў 2025 годзе неабходна падрыхтаваць дамовы паміж дэмакратычнымі сіламі, нацыянальнымі парламентамі і міжнароднымі арганізацыямі па аналогіі з дамовай, якая была заключана ў траўні з Еўрапарламентам і падпісана яго спікерам Рабертай Метсола.

Паводле Лябедзькі, гэтыя тры крокі дазволяць значна зменшыць колькасць праблем.

Падзяліцца: