Мінск 06:28

“Біялагічная бяспека краіны”. Паляўнічыя адмаўляюцца адстрэльваць дзікоў, бо ўлады не хочуць плаціць

Вячаслаў Корасцень
Аглядальнік “Позірку”
Ілюстрацыйнае фота: gethunt.ru

Больш за дзесяць гадоў улады старанна прафілактуюць афрыканскую чуму свіней (АЧС). У справу ўцягнутыя нават паляўнічыя. Іх стымулююць да адстрэлу дзіка — разносчыка смяротнага захворвання. Аднак стрэльбы ў стралкоў часам апускаюцца, змушаючы ўрадавых чыноўнікаў наўпрост займацца тэмай лясных парнакапытных.

Пра адну з такіх гісторый “Позірку” стала вядома з дакументаў, перададзеных аб’яднаннем былых сілавікоў BelPol.

Кіраўнік Мінлясгаса паскардзіўся віцэ-прэм’еру

Пра “рэзкае скарачэнне здабычы дзіка” далажыў у службовай перапісцы міністр лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік. 4 лістапада 2024 года ён накіраваў адпаведны ліст намесніку прэм’ер-міністра Юрыю Шулейку.

Згадаўшы чарговыя змены ў правілах “канфіскацыі, выкарыстання, пахавання і (або) знішчэння рэсурсаў дзіка”, якія набылі моц 24 верасня, кіраўнік Мінлясгаса прывёў несуцяшальную статыстыку.

Паводле звестак ведамства, адстрэл дзіка ў беларускіх лясах зменшыўся кратна. З 25 верасня па 25 кастрычніка агулам па краіне штотыднёвая здабыча звера склала 75 асобін — у 4,4 раза менш, чым за аналагічны леташні перыяд (333).

У рэгіянальным разрэзе карціна такая: у Брэсцкай вобласці — 15 асобін (у 2023 годзе — 60; памяншэнне ў 4 разы), у Віцебскай — 29 (88; 3,3), Гомельскай — 4 (24; 6), Гродзенскай — 14 (45; 3,2), Мінскай — 9 (62; 6,9), Магілёўскай — 5 (54; 10,8).

“Асноўнай прычынай, якая негатыўна адбіваецца на жаданні паляўнічых удзельнічаць у здабычы дзіка, з’яўляецца неажыццяўленне кампенсацыйных выплат паляўнічым і карыстальнікам паляўнічых угоддзяў за здабытых дзікоў, а таксама адсутнасць яснасці аб тэрмінах пагашэння запазычанасці перад паляўнічымі і карыстальнікамі паляўнічых угоддзяў па такіх кампенсацыйных выплатах з боку раённых выканаўчых камітэтаў”, — напісаў Кулік.

Тлумачачы найбольшую адмоўную дынаміку ў Магілёўскай вобласці, міністр звярнуў увагу на недахоп у рэгіёне ўмоў для захоўвання дзікавых туш да атрымання вынікаў лабараторных тэстаў на вірус АЧС. Такімі ўмовамі, паводле слоў міністра, валодае ўсяго 21 паляўнічае ўгоддзе з 36. На абдзеленых 15 з прычыны гэтага адстрэл не ажыццяўляецца — а гэта агульная плошча каля 1 млн гектараў у 11 раёнах (больш за 40% паляўнічых зямель вобласці).

Выклаўшы сітуацыю, кіраўнік ведамства папрасіў Шулейку дапамагчы: па-першае, падштурхнуць аблвыканкамы да выплаты кампенсацый паляўнічым і карыстальнікам угоддзяў; па-другое, палепшыць умовы захоўвання туш.

Аб памерах запазычанасцяў у лісце не гаворыцца.

У распараджэнні “Позірку” ёсць і адказ Шулейкі. У ім віцэ-прэм’ер падзяляе непакой Мінлясгаса і просіць аблвыканкамы “комплексна разгледзець праблемныя пытанні, што ўзнімаюцца, і забяспечыць прыняцце дзейсных мер па іх вырашэнні”. Аб праведзенай працы адрасатам прапанавана даць справаздачу да 20 лістапада.

З 2013 года правілы прафілактыкі АЧС не раз мянялі

Афрыканская чума свіней прыйшла ў Беларусь вясной 2013 года. Гэта высокакантагіёзная вірусная хвароба, якая характарызуецца ліхаманкай. Для чалавека небяспекі не ўяўляе, у свіней лятальнасць можа дасягаць 100%.

АЧС тады моцна ўдарыла па айчыннай свінагадоўлі. Спачатку ўлады спрабавалі хаваць як факты заражэння, так і велізарную здыхату пагалоўя, але фактаў было так шмат, што таемнае вельмі хутка стала відавочным.

Масавая гібель свіней фіксавалася ў розных рэгіёнах краіны. Каб спыніць распаўсюджванне віруса, улады канфіскоўвалі заражаных жывёл і ў гаспадарках, і ў прыватных падворках — і адразу ж утылізавалі. Рэжым надзвычайных мер быў зняты толькі ў лютым 2014 года. Паводле некаторых звестак, пагалоўе свіней за гэты час зменшылася на 500 тыс.

Тады ж актыўна адстрэльвалі і дзікоў. Да канца 2013 года іх колькасць была скарочана больш чым у чатыры разы — з 81,5 да 19,7 тыс.

Прычынай эпідэміі тагачасны міністр сельскай гаспадаркі Леанід Зайцаў назваў пастаўкі з-за мяжы няякасных камбікармоў, але масавага даверу гэтая версія не выклікала.

“Калі не правядзем дэпапуляцыю, працэс будзе бясконцым”

З тых часоў улады робяць захады супраць рэцыдыву эпідэміі АЧС. Трымацца ў тонусе дапамагаюць асяродкі захворвання, што час ад часу фіксуюцца на лакальным узроўні.

Базавы дакумент на гэты конт з’явіўся яшчэ ў жніўні 2013-га — пастанова ўрада атрымала назву “Аб дадатковых мерах па ліквідацыі і недапушчэнні распаўсюджвання афрыканскай чумы свіней і іншых небяспечных хвароб жывёл”. За мінулыя гады ў яго неаднаразова ўносіліся змены.

Канстантай застаецца адно: колькасць дзікоў у беларускіх лясах неабходна жорстка кантраляваць. У 2018 годзе міністр сельскай гаспадаркі Віталь Дрожжа тлумачыў гэта так: “Дзік з’яўляецца носьбітам чумы. Калі мы не правядзем яго дэпапуляцыю, працэс будзе бясконцым. Інакш мы падаўжаем пакуты жывёл. Так, меры жорсткія. Але каб выздаравець, трэба лячыцца”.

Вышэйзгаданая пастанова прадугледжвала тады пераважна адстрэл недамашніх свіней па адпаведных паляўнічых дазволах з наступнай утылізацыяй у спецыяльных магільніках. Як і цяпер, паляўнічым за гэта плацілі, што і складала сэнс промыслу.

Лукашэнка падтрымаў Шуневіча

У траўні 2022-га Дрожжу з ганьбай звольнілі з пасады міністра, а на пачатку мінулага года асудзілі за хабар на 7,5 года зняволення. Перад гэтым важным актарам у стральбе па дзікіх жывёлах стаў былы міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч.

20 кастрычніка 2021-га адстаўны міліцэйскі генерал узначаліў Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў (БТПР) і адразу ж пачаў генераваць смелыя ідэі. Менавіта з яго падачы ў канцы ліпеня 2022-га ў пастанову Савета міністраў аб АЧС былі ўнесеныя радыкальныя змены. Папраўкі скасоўвалі выплаты паляўнічым, затое дазволілі ім забіраць сабе мяса забітых кабаноў, калі веткантроль не выявіць у іх хвароб.

Пра новы падыход да дэпапуляцыі дзікіх свіней Шуневіч даў справаздачу па выніках чэрвеньскай сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. “Была прапанаваная іншая схема, якая заключаецца ў тым, каб не закопваць у зямлю здабытага кабана, а дазволіць паляўнічым здабываць яго і выкарыстоўваць у асабістых мэтах, купляючы яго ў дзяржавы па мінімальнай цане”, — заявіў старшыня БТПР, падкрэсліўшы, што “кіраўнік дзяржавы падтрымаў такую прапанову”.

На думку экс-міністра, гэта дасць зверабоям больш матывацыі пры высочванні дзікоў, бо мяса ў іх “прыгожае, смачнае”.

Ад сямі да дзесяці базавых велічынь

Аднак у гэтым выглядзе дакумент праіснаваў усяго крыху больш за два гады. У верасні, як было адзначана, пункт аб кампенсацыйных выплатах вярнулі (з захаваннем пры жаданні забіраць мяса), і тут чамусьці ў мясцовых бюджэтах скончыліся грошы на заахвочванне паляўнічых.

Пры гэтым гаворка ідзе аб невялікіх сумах. Цяпер пастанова прадугледжвае выплату за забітага дзіка-самца ў памеры 7 базавых велічынь (280 рублёў), за самку — 10 (400). Частку гэтых грошай паляўнічы павінен аддаць карыстальніку паляўнічай ўгоддзі — арганізацыі-куратару, у ролі якой часта выступаюць структурныя падраздзяленні БТПР.

Чаму такіх сродкаў не знайшлося ў мясцовых уладаў па ўсёй краіне, невядома. Але пасля ўмяшання ўрада яны, хутчэй за ўсё, знойдуцца, бо ад гэтага залежыць “біялагічная бяспека краіны”.

Падзяліцца: