Былы апазіцыйны актывіст Раман Пратасевіч наведаў наваполацкую калонію і 8 студзеня апублікаваў фатаграфіі і відэазварот былога прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта, палітвязня Віктара Бабарыкі да родных.
З лютага 2023 года Бабарыка ўтрымліваўся ў рэжыме інкамунікада, які праваабарончая супольнасць лічыць цяжкім парушэннем правоў чалавека.
З чым можа быць звязанае часовае спыненне ізаляцыі палітыка, магчымыя дзеянні рэжыму ў дачыненні да іншых вядомых палітвязняў да і пасля выбараў 26 студзеня, у інтэрв’ю “Позірку“ прааналізаваў юрыст праваабарончага цэнтра “Вясна“ Павел Сапелка.
“Для палітыкаў, якія маюць планы на рэстаўрацыю стасункаў з рэжымам“
— Чаму менавіта цяпер усім паказалі Віктара Бабарыку? З чым гэта можа быць звязана, і канкрэтна, ці звязана гэта з будучымі выбарамі?
— Хутчэй за ўсё, так, гэта звязана з выбарамі (як іх разумеюць улады), фактычна — з падаўжэннем паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі, якія ён утрымлівае. Чаму цяпер? Таму што гэта ўкладаецца ў агульную тэндэнцыю паводзін беларускіх уладаў. Яны, з аднаго боку, узмацняюць рэпрэсіі супраць прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, актывістаў, іншадумцаў, з другога боку, спрабуюць намацаць нейкія пункты судакранання з тымі сіламі, якія будуць прымаць рашэнне аб прызнанні дэ-факта або юрыдычна вынікаў выбараў, што маюць адбыцца.
Бабарыка ўжо другі з палітыкаў, пра якіх мы кажам, што яны зазналі гвалтоўнае знікненне або знаходзяцца ў рэжыме інкамунікада, і якіх “паказалі“. Першай была Марыя Калеснікава. Такія інфармацыйныя ўкіды, відавочна, закліканыя скампраметаваць пазіцыю дэмакратычных палітыкаў, праваабаронцаў і міжнародных арганізацый адносна гэтай сітуацыі з утрыманнем без кантактаў вядучых палітыкаў і членаў іх выбарчых штабоў, шэрагу іншых актывістаў.
— Ці лічыце вы, што ў самой персоны Віктара Бабарыкі ёсць нейкі завуаляваны меседж Захаду?
— Наўрад ці гэта шоў для беларускай апазіцыі, таму што мы — і апазіцыя, і праваабаронцы — добра разумеем правілы гэтай гульні.
Тое, што чалавека вывелі са штрафнога ізалятара або з памяшкання камернага тыпу і паказалі цягам некалькіх хвілін, ніяк не ўплывае на нашы ацэнкі сітуацыі.
Але для палітыкаў, якія маюць планы на рэстаўрацыю стасункаў з беларускім рэжымам або рэалізацыю палітыкі “бізнэс as usual“, можа быць, гэта і прыдатны варыянт.
“Дэмакратычныя ўрады цяпер не схільныя да гандлю“
— Ці ёсць надзея, што рэжым інкамунікада перапыніцца ў дачыненні да іншых палітвязняў? Ці яго ініцыятары будуць чакаць нейкага адказу, рэакцыі на з’яўленне Бабарыкі?
— Я ведаю адно: дэмакратычныя ўрады цяпер не схільныя да гандлю. Гэта ўсё, што мне бачыцца па цяперашняй сітуацыі. Мяркую, што нейкія крокі насустрач маглі б быць зробленыя, але гэта не тыя крокі, якія кардынальна мяняюць саму палітыку ў дачыненні да рэжыму. Гэта дакладна не прызнанне рэжыму, не аднаўленне эканамічных ці іншага роду кантактаў. Урэшце, калі ўзгадваць пра санкцыі, то гэта і не пра змену санкцыйнай палітыкі, бо санкцыі, якія найбольш балючыя для рэжыму і якія ён марыў бы скасаваць, накладзеныя праз удзел у вайне і за захоп самалёта.
— Тэарэтычна, ці ёсць верагоднасць, што да выбараў рэжым, пасылаючы гэтыя сігналы, пойдзе на вызваленне кагосьці з палітвязняў з “гучным імем“, што магло б кардынальна разгарнуць інфапарадак дня ў бок рэжыму?
— Калі пафантазіраваць, то я б, напэўна, выказаў здагадку, што нейкія вызваленні могуць здарыцца, таму што агулам сітуацыя, калі людзі без віны ўжо адседзелі без малога пяць гадоў, дастаткова траўматычная для гэтых людзей. Я бачу гэтую сітуацыю як патавую, калі бакам няма чаго прапанаваць адзін аднаму.
Калі мы гаворым пра вызваленых [па памілаванні] 227 іншых асуджаных, варта памятаць, што ніхто не ведае, якім быў кошт гэтага вызвалення. Дакладна коштам не былі стратэгічныя саступкі, таму што мы бачылі, што гэта вызваленне адбываецца на фоне захавання асноўных эканамічных санкцый і ўзмацнення індывідуальных санкцый, на фоне працяглай замаразкі дыпламатычных стасункаў і г.д.
З аднаго боку, не хочацца абясцэньваць гэтыя вызваленні, з другога боку, складана іх ацэньваць, калі не ведаеш кошт здзелкі. Добра, што выпусцілі тых, каго выпусцілі, але гэта трэба ацэньваць аб’ектыўна і бесстаронне, а пакуль гэта немагчыма, таму што мы не ведаем, на якіх умовах людзі выйшлі, не ведаем, што паслужыла адпраўным пунктам, што падштурхнула рэжым да вызвалення. Дакладна гэта не была ініцыятыва рэжыму пачаць гэты працэс. Хацелася б, каб ён працягваўся, таму што гэта, на жаль, цяпер адзіная магчымасць для палітвязняў выйсці на волю ранней за вызначанае судом.
“Тое, што адбываецца — дакладна не сігналы да нацыянальнага прымірэння“
— Лукашэнка, падаецца, дзейнічае паводле старой схемы: узяць закладнікаў, пагандлявацца, адпусціць наўзамен чагосьці. У папярэднія гады гэта працавала. На ваш погляд, пункт незвароту пройдзены і далей гэтыя ігрышчы наўрад ці дадуць нейкі вынік?
— Выглядае так, што больш няма попыту на такі гандаль. Пасля 2010 года гэта атрымалася, цяпер, у бліжэйшай перспектыве, гэта не атрымаецца. Для палітвязняў гэта дрэнна, бо ім давядзецца яшчэ сядзець. З “макрапалітычнай” пазіцыі гэта, можа быць, таксама дрэнна, таму што замарожвае і далей пагаршае палітычную сітуацыю для Беларусі і ўсё больш аддаляе краіну ад яе месца ў сям’і еўрапейскіх народаў.
Сказаць, што гэта зусім дрэнна, таксама нельга. Таму што заходнія дэмакратыі больш не вядуцца на гэтыя падлашчванні рэжыму, не вядуцца на сітуацыю, практычна не звяртаюць увагі на ўнутраную палітыку беларускага рэжыму і не здавольваюцца роляй Беларусі і яе “кіраўніка“ як “назіральніка” (з рускай “смотрящего”) за гэтай тэрыторыяй. Лукашэнка лічыць сябе гарантам бяспекі ў рэгіёне. Але ўжо можна зрабіць выснову, ці з’яўляецца ён гарантам насамрэч.
Гэта добры ўрок для еўрапейцаў, у тым ліку для найбліжэйшых суседзяў Беларусі, калі створаная сістэма рэгіянальнай бяспекі павалілася з грукатам і пагрэбла пад сабой усе дамоўленасці і падыходы, якія мы як праваабаронцы заўсёды крытыкавалі.
Тое, што адбываецца, — гэта дакладна не сігналы да нацыянальнага прымірэння, гэта не сігналы на ўнутраны рынак.
Таму што на ўнутраны рынак падаюцца іншыя сігналы: “Мы перамаглі, вы прайгралі, мы цяпер моцныя як ніколі, кожны, хто супраць, будзе пасаджаныя або знішчаныя”.
Наяўная ў нас статыстыка паказвае павелічэнне рэпрэсій па ўсіх напрамках, адміністрацыйнага, крымінальнага пераследу, і гэта не ўлічваючы тое, што адбываецца ў працоўных калектывах і ў іншых галінах, не звязаных з рэпрэсіямі. Ніхто не аднаўляе праваабарончых арганізацый, нават не спрабуюць знайсці ім нейкую псеўдазамену, усё адбываецца досыць жорстка і дакладна. Гэта не сігнал вяртацца ў 2019 год, гэта ўжо не на парадку дня, гэтага ўжо ніхто нікому не абяцаюць.
Адзінае, што могуць цяпер паабяцаць: не саджаць ці не біць балюча, калі чалавек не будзе парушаць ўжо зразумелых ўсім правілаў.
Даведка “Позірку“:
6 ліпеня 2021 года Вярхоўны суд прыгаварыў Віктара Бабарыку да 14 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму за “атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры” (ч. 3 арт. 430 КК) і “легалізацыю сродкаў, атрыманых злачынным шляхам” (ч. 2 арт. 235). Палітык віну не прызнаў.
Адбывае пакаранне ў наваполацкай калоніі № 1 (Віцебская вобласць).
У красавіку 2023 года з’явілася інфармацыя аб шпіталізацыі Бабарыкі ў наваполацкую бальніцу са слядамі збіцця і пнеўматораксам. Крыніца “Позірку” паведамляла, што, “магчыма, у лёгкіх у яго выяўленая вада”.
У ліпені таго ж года адміністрацыя калоніі паведаміла сваякам Бабарыкі, што ён знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу, яго здароўю “нічога не пагражае”.
9 лістапада 2024 года Бабарыку споўнілася 60 гадоў.
Летась на пачатку ліпеня Аляксандр Лукашэнка заявіў аб вызваленні яго “вельмі цяжкахворых” апанентаў, пасля чаго стала вядома пра выхад на волю 18 палітвязняў (старшыня Вярхоўнага суда казаў пра 14). Пазней ён падпісаў шэраг указаў аб памілаванні асуджаных за “злачынствы пратэстнай накіраванасці” або “экстрэмісцкай накіраванасці” (паводле ўказа ад 16 жніўня вызвалена 30 чалавек, 4 верасня — 30, 16 верасня — 37, 7 лістапада — 31, 20 лістапада — 32, 9 снежня — 29, 28 снежня — 20).
Такім чынам, за гэты час было памілавана 227 чалавек.
На 8 студзеня 2025 года Беларуская праваабарончая супольнасць прызнае палітвязнем 1.258 чалавек. У рэчаіснасці людзей, якія падвергліся рэпрэсіям у той ці іншай форме, значна больш.
Гл. таксама па тэме:
Бабарико в кадре. Лукашенко решил показать лицом политический товар (на рускай мове)