Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 23 красавіка 2024 года ў 18:00
Рэдка які палітык выклікае такі роскід ацэнак, як Зянон Пазьняк, катораму 24 красавіка спаўняецца 80. Адэпты яго абагаўляюць. Іх лозунг “Толькі Зянон!” стаў мемам. Аднак нават у межах дэмакратычнага лагеру нямала тых, у каго на Пазьняка страшэнная алергія. Маўляў, дагматык і раскольнік, з ім не зварыш кашы, яму ўсюды мрояцца агенты.
Зорны час Пазьняка прыпаў на канец 1980-х — першую палову 1990-х. З ягоным іменем звязана паўставанне Беларускага народнага фронту.
Трыумф пачатку 1990-х: БЧБ над Домам ураду
БНФ ствараўся на манер прыбалтыйскіх франтоў, якія пад маркай перабудовы імкнуліся адмежаваць свае рэспублікі ад Масквы. І падчас крушэння савецкай імперыі, паўставання незалежнай Беларусі пасіянарыям нашага нацыянальнага Адраджэння шмат чаго ўдалося дасягнуць. Дзейнасць БНФ многім суайчыннікам адкрыла вочы, дапамагла адчуць сябе менавіта беларусамі, а не часткай “савецкага народа”.
Праўда, маса такіх свядомых грамадзян тады не стала крытычнай. У выніку Беларусь, адрозна ад балтыйскіх краін, так і не змагла вырвацца з маскоўскай арбіты. А сёння гэта залежнасць стала катастрафічнай.
Між тым група БНФаўцаў на чале з Пазьняком на выбарах 1990-га здолела прабіцца ў Вярхоўны Савет БССР. І стварыла там хоць і нешматлікую, але моцную, кусачую апазіцыю. Яна за кошт умелай тактыкі не аднойчы ставіла на вушы кансерватыўную бальшыню. У парламенцкіх баталіях раскрыліся харызма Пазьняка, яго прамоўніцкі талент ды ўменне кіраваць камандай.
Трыумфальнымі для апазіцыі БНФ сталі дні пасля паразы путчу ГКЧП у 1991-м. На знакамітай жнівеньскай “Сесіі Незалежнасці” апазіцыя, бліскуча скарыстаўшы спалох рэакцыянераў, дамаглася, каб дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі быў нададзены статус канстытуцыйнага закона. А ў верасні на прапанову дэпутатаў-БНФаўцаў дзяржаўнымі сімваламі замест савецкіх былі абвешчаны гістарычныя — бел-чырвона-белы сцяг (БЧБ) і герб “Пагоня”.
І Аляксандр Лукашэнка ў 1994-м мусіў даваць першую прэзідэнцкую прысягу пад БЧБ. Праўда, неўзабаве ён, узяўшы курс на збліжэнне з Крамлём, “братнюю інтэграцыю”, зруйнуе тыя здабыткі адраджэнцаў. Супраць Фронту разгорнецца гульня без правілаў, яго лідара будзе апантана шальмаваць прапаганда рэжыму.
Параза. Горкі хлеб эміграцыі
Пераломным для лёсу Беларусі стаў сам прыход да ўлады саўгаснага дырэктара са Шклоўшчыны з яго прамаскоўскімі, рэакцыйна-савецкімі поглядамі.
Нацыянальна свядомыя сілы прайгралі той вырашальны бой. У першым туры прэзідэнцкіх выбараў 1994 года галасы дэмакратычнага электарату былі разарваны між кандыдатурамі Пазьняка (12,8%) і Станіслава Шушкевіча (9,9%).
Зрэшты, і ў суме гэтыя галасы значна саступалі паказчыку Лукашэнкі (44,8%). Так што і аб’яднанне нацыянальна свядомага крыла палітыкаў наўрад ці перашкодзіла б тады трыумфу папуліста Лукашэнкі, які спрытна эксплуатаваў настальгію простага люду па “светлай мінуўшчыне”.
Фронтаўцам жа ў першай палове 1990-х, бадай, бракавала гнуткасці, умення манеўраваць з улікам рэальных настрояў грамадства. Пазьняк і яго паплечнікі былі мо і занадта катэгарычныя, артыкулюючы свае планы беларусізацыі, антыімперскія лозунгі.
Гэтым карысталіся палітычныя праціўнікі. БНФаўцаў малявалі экстрэмістамі, фанатыкамі: маўляў, калі дарвуцца да ўлады, стануць вешаць на ліхтарах за кепскае веданне беларускай мовы. Пазьняку дык і ўвогуле клеілі ярлык фашыста.
Але фатальную ролю сыгралі ўсё ж не пралікі БНФ. Галоўнай прычынай паразы стаў брак нацыянальнай самасвядомасці ў таго пакалення беларусаў.
Тады быў час гаспадарчага развалу, узровень жыцця рэзка ўпаў. Гэта дало козыры Лукашэнку, які абяцаў перамагчы наменклатурную мафію, зноў запусціць заводы і г.д.
Але ж і літоўцы, латышы, эстонцы перажывалі такія самыя нягоды, нават большыя, бо Масква зладзіла ім эканамічную блакаду. Аднак грамадзяне былых прыбалтыйскіх савецкіх рэспублік цвёрда абралі шлях дэмакратыі, рынкавай эканомікі, інтэграцыі ў Еўропу. Ператрывалі цяжкую постсавецкую ломку.
Вялікая ж частка беларусаў спакусілася ілюзіяй, што можна вярнуць стабільнасць і адносны дабрабыт праз адкат у савок.
А для Пазьняка ў 1996-м пачнецца няўдзячны час палітычнай эміграцыі. Крытыкі кпілі з ягоных факсаў, дасыланых з-за мяжы аднапартыйцам. Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ, якой Пазьняк стаў кіраваць здалёк пасля расколу Фронту, выглядала маргінальнай нават на фоне астатняй апазіцыі, скацілася ў сектанцтва і траціла рэшткі пораху збольшага на пошук ворагаў сярод апанентаў рэжыму.
Шмат хто троліў Пазьняка як збітага лётчыка. Але пасля здушэння мірнай рэвалюцыі 2020 года ў скуры палітычных эмігрантаў, практычна пазбаўленых магчымасці ўплываць на сітуацыю ў краіне, аказаліся тысячы праціўнікаў рэжыму.
У бронекамізэльцы, з каліноўцамі
Пазьняк жа пасля пачатку шырокамаштабнай агрэсіі Масквы супраць Украіны зноў прыцягнуў да сябе ўвагу спробамі стварыць альтэрнатыву камандзе Святланы Ціханоўскай праз альянс з палком імя Кастуся Каліноўскага (ПКК).
Напачатку 2023-га апазіцыйны патрыярх у якасці лідара руху “Вольная Беларусь” сенсацыйна завітаў у бронекамізэльцы на пярэдні край змагання супраць расійскіх агрэсараў — у Бахмут.
Па выніках паездкі было абвешчана, што неўзабаве на грунце супрацы “Вольнай Беларусі” і шэрагу іншых структур з ПКК паўстане вайскова-палітычны цэнтр з гучнай назвай — Рада бяспекі. Але нешта не зраслося. Ды і сама перспектыва вызвольнага паходу на Беларусь стала яшчэ болей прывіднай.
Не спрацаваў і леташні зварот Пазьняка да Лукашэнкі ды Уладзіміра Зяленскага з прапановай абмяняць на палітвязняў расійскіх вайскоўцаў з беларускім грамадзянствам, што трапілі ў палон да ўкраінцаў.
Між тым Пазьняк не сядзіць склаўшы рукі: удзельнічае ў імпрэзах дыяспары, выступае на мітынгах, чытае лекцыі. Выглядае надзіва энергічна, па-ранейшаму выразна фармулюе думкі.
Дыягназ расійскаму імперыялізму
У яго багата ворагаў, і гэта не толькі рэжымныя персанажы, але і шмат хто ў дэмакратычных сілах. Пазьняк сам актыўна нажывае нядобразычліўцаў, шчодра лепячы тым ці іншым асобам ярлык агентуры.
Напэўна, ён не заўжды памыляецца. Калі ў будучай дэмакратычнай Беларусі адкрыюцца архівы спецслужбаў, чакайце шмат сенсацый. Але ж пытанне ў доказах тут і цяпер. У базы звестак “органаў” рэжыму не залезеш (хіба што “Кіберпартызаны” могуць нешта ўзламаць). А проста так тыцкаць пальцам — занятак няўдзячны, гэта толькі плодзіць новыя сваркі.
Хтосьці ўвогуле мяркуе, што Пазьняк — такі ж аўтарытарны персанаж, такое ж увасабленне нецярпімасці, як і Лукашэнка (маўляў, крайнасці сыходзяцца).
Дарэчы, правіцель, звыклы бэсціць апазіцыю самым зняважлівым чынам, ужываць слова “свядомыя” грэбліва, пра Пазьняка некалькі разоў адгукаўся з пэўнай павагай. Але часцей Лукашэнка паўтараў міф, што “нацмены” (ён карыстае гэта слова, відавочна не ведаючы сапраўднага значэння), якія нібыта знаходзіліся пры ўладзе ў першыя гады незалежнасці, пасадзілі былі рускіх на чамаданы.
Натуральна, такім наратывам Лукашэнка хацеў спадабацца Маскве (гэта я, маўляў, даў тут у пысу русафобам). Пазьняк жа Крамлю ніколі не хацеў і не мог спадабацца. Ён паставіў жорсткі і дакладны дыягназ расійскаму імперыялізму, папярэдзіў пра ягоны рэванш. Праграмным у гэтым сэнсе стаў артыкул “Аб рускім імперыялізме і яго небяспецы”, надрукаваны ў парламенцкай “Народнай газеце” ў студзені 1994 года.
Магчыма, гэты выступ, у якім аўтар назваў сваю нацыю з яе прарасійскімі настроямі глыбока і цяжка хворай, толькі падарваў ягоныя акцыі напярэдадні першых прэзідэнцкіх выбараў. Але пасіянарны змагар супраць імперыі не змог тады змаўчаць. І праз шмат гадоў многія зразумелі: гэтым сваім суровым аналізам і прагнозам тагачасны лідар БНФ патрапіў у дзясятку.
Месца ў падручніках ужо забраніравана
Хтосьці мяркуе, што жорсткай крытыкай Ціханоўскай і яе атачэння Пазьняк толькі сее разлад у дэмакратычных сілах. Але факт тое, што паступова і каманда Ціханоўскай, якая сапраўды не мела выразнай ідэалагічнай платформы, стала дрэйфаваць да беларушчыны, нацыянальных каштоўнасцяў, антыімперскай пазіцыі.
Так, можна па-рознаму ацэньваць эфектыўнасць Пазьняка як палітыка сёння (зрэшты, пакажыце нам надта эфектыўных беларускіх апазіцыянераў у цяперашняй сітуацыі). У кожным разе не варта маляваць з яго ікону. Талерантнасць — дакладна не ягоны канёк.
Але ён ужо стаў гістарычнай постаццю. І гэтая ягоная іпастась у пэўнай ступені пачала жыць сваім жыццём. Пра гэтага чалавека як аднаго з гігантаў беларускай справы будуць чытаць у падручніках і праз сто гадоў.
Дарэчы, і іншыя гіганты беларускай (і не толькі беларускай) справы, калі дэталёва разбіраць іх біяграфіі, не выглядаюць ідэальнымі асобамі. Гэта былі жывыя людзі, дзеці свайго часу, яны рабілі памылкі, часам трагічныя. Увогуле неардынарныя асобы — як правіла, людзі са складаным характарам.
З Пазьняком можна (і часам проста варта) спрачацца, але тое, што ён зрабіў для Беларусі, заслугоўвае глыбокай павагі.
Гэта крык, што жыве Беларусь
І яшчэ адзін важны момант. Пазьняку дапамог раскрыцца час гарбачоўскай перабудовы. Хто датуль надта ведаў гэтага мастацтвазнаўцу і археолага?
Але ў чэрвені 1988-га ён надрукаваў у перабудовачным “ЛіМе” (прэса пакрысе выходзіла ўжо з-пад партыйнага кантролю) артыкул-бомбу пра энкавэдысцкія злачынствы ў Курапатах. І грамадская атмасфера была ўжо такая, што Пракуратура БССР узбудзіла крымінальную справу не супраць аўтара, а па факце масавых расстрэлаў.
Неўзабаве ў Курапатах пад БЧБ прайшоў першы мітынг. А ў кастрычніку таго ж года Пазьняк узначаліў масавае шэсце да месца трагедыі.
Тую сенсацыйную для “Вандэі перабудовы” антысавецкую дэманстрацыю ўлады спрабавалі разагнаць дубінкамі ды слезацечным газам, але Пазьняк, якому таксама пырснулі ў твар “чаромхай”, здолеў зладзіць мітынг у полі побач з Курапатамі. І тая брутальнасць уладаў толькі мацней настроіла свядомых беларусаў супраць камуністычнага рэжыму.
Так узышла палітычная зорка Зянона. Неўзабаве паўстане БНФ і пачнуцца фантастычныя здзяйсненні. І меней чым праз тры гады БЧБ стане дзяржаўным сцягам.
Я пра тое, што калі ўзнікае акно магчымасцяў, то знаходзяцца і харызматычныя лідары. Сённяшні сатанінскі баль зла ў нашай краіне — не навечна. Будзе іншы час — і на палітычную арэну абавязкова выйдуць новыя яркія асобы. Каб прадоўжыць змаганне за Беларусь, якому прысвяціў свой лёс Зянон — жывая легенда нашага Адраджэння.