Мінск 20:15

Беларусь сцягвае ўзбраенне, каб адцягнуць увагу Украіны — кіраўнік Цэнтра супрацьдзеяння дэзінфармацыі

10 жніўня, Позірк. “Сцягванне ўзбраення з боку Беларусі да прыгранічча — гэта спроба дапамагчы [прэзідэнту РФ Уладзіміру] Пуціну і адцягнуць увагу ўкраінскага камандавання на той кірунак”, — такое меркаванне выказаў кіраўнік Цэнтра супрацьдзеяння дэзінфармацыі (ЦСД) пры Радзе нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Андрэй Каваленка.

“Зрэшты, мне здаецца, што [Аляксандр] Лукашэнка можа прагназаваць наступствы любых правакацый”, — напісаў кіраўнік ЦСД у сваім тэлеграм-канале.

10 жніўня Лукашэнка абвінаваціў Узброеныя сілы Украіны ў нібыта парушэнні паветранай прасторы Беларусі беспілотнікамі і заявіў, што беларускія войскі збілі некалькі цэляў. Неўзабаве пасля гэтага міністр абароны Віктар Хрэнін паведаміў, што на ўказанне Лукашэнкі ўзмацняецца групоўка войскаў “на Гомельскім і Мазырскім тактычных напрамках з мэтай рэагавання на любыя магчымыя правакацыі”.

Лукашэнка ў гэты ж дзень упершыню згадаў падзеі ў Курскай вобласці РФ, куды ў ноч на 6 жніўня зайшлі ўкраінскія войскі, якія ў далейшым усталявалі кантроль над шэрагам населеных пунктаў. Пасля яго слоў МЗС Беларусі выказала занепакоенасць сітуацыяй у гэтым расійскім рэгіёне і салідарызавалася з яго жыхарамі, а таксама асудзіла Украіну за “бессэнсоўную авантуру”.

Адметна, што ў сітуацыі, якая склалася ў Курскай вобласці, расійская прапаганда абвінавачвала ў тым ліку Лукашэнку, які раней загадаў адвесці войскі ад мяжы з Украінай, з прычыны чаго ўкраінскія фарміраванні, што нібыта знаходзіліся з іншага боку, вызваліліся для правядзення аперацыі ў РФ.

Падзяліцца: