Мінск 21:37

Лукашэнка прызначыў Пархомчыка кіраўніком Брэсцкай вобласці — на пасадзе віцэ-прэм’ера ён працаваў менш за два гады (дапоўнена)

Крыніца: novaya.by

12 жніўня, Позірк. 66-гадовы Пётр Пархомчык прызначаны старшынёй Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта, адпаведнае рашэнне прыняў 12 жніўня Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.

З 16 жніўня 2022 года Пархомчык займаў пасаду намесніка прэм’ер-міністра.

27 чэрвеня гэтага года Лукашэнка прызначыў віцэ-прэм’ерам па пытаннях аграпрамысловага комплексу Юрыя Шулейку, які на той момант займаў пасаду кіраўніка Брэсцкага аблвыканкама.

“У Брэсцкай вобласці трэба сур’ёзна папрацаваць з прамысловасцю. Гэта галоўная прычына, чаму Пётр Пархомчык, які на пасадзе віцэ-прэм’ера курыраваў гэтую сферу, прызначаны старшынём Брэсцкага аблвыканкама”, — гаворыцца ў паведамленні.

12 жніўня Лукашэнка прыняў шэраг іншых кадравых рашэнняў.

Віктар Каранкевіч, які са жніўня 2018 года ўзначальваў Міністэрства энергетыкі, прызначаны намеснікам прэм’ер-міністра.

Новым міністрам энергетыкі стаў Аляксей Кушнарэнка — раней ён працаваў на пасадзе генеральнага дырэктара аб’яднання “Белпалівагаз”.

Валерый Вярэніч прызначаны начальнікам дзяржаўнага аб’яднання “Беларуская чыгунка”. На гэтую пасаду ён пераведзены з пасады намесніка міністра транспарту і камунікацый.

Таццяну Астрэйка Лукашэнка прызначыў першым намеснікам міністра працы і сацыяльнай абароны; Аляксандра Судніка — намеснікам міністра фінансаў, Андрэя Пракапчука — дырэктарам дэпартамента знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства замежных спраў, Віктара Падскробкіна — начальнікам дэпартамента эканомікі і галіновых праграм пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы.

Таксама Лукашэнка зрабіў прызначэнні ў дыпламатычным корпусе.

Ігар Маршалаў стаў паслом у Анголе і Замбіі (па сумяшчальніцтве), Ігар Касько — паслом у Бангладэш, Непале і Шры-Ланцы (па сумяшчальніцтве).

Раман Раманоўскі прызначаны пастаянным прадстаўніком Беларусі пры Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі (АСЕАН).

Паведамляецца, што Лукашэнка “даў згоду” на прызначэнне Генадзя Сабыніча першым намеснікам старшыні Віцебскага аблвыканкама, Дзмітрыя Захарчука — старшынёй Ваўкавыскага райвыканкама (Гродзенская вобласць), Віталя Платуна — старшынёй Любанскага райвыканкама (Мінская вобласць), Аляксандра Кісялёва — старшынёй Быхаўскага райвыканкама (Магілёўская вобласць), Андрэя Дубінчыка — старшынёй Асіповіцкага райвыканкама (Магілёўская вобласць), Андрэя Конева — кіраўніком адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва.

Падзяліцца: