Мінск 19:11

Пасля абвінавачанняў у парушэнні паветранай прасторы ўкраінскімі БПЛА беларускае МЗС выклікала паверанага ў справах ЕС

Фота: МЗС

12 жніўня, Позірк. “У сувязі з парушэннем паветранай прасторы ўкраінскімі БПЛА” у МЗС Беларусі 12 жніўня быў выкліканы павераны ў справах Еўрасаюза Стэн Нёрлаў, паведаміла прэс-служба знешнепалітычнага ведамства.

“Да еўрапейскага дыпламата даведзеная пазіцыя беларускага боку ў гэтым пытанні”, — гаворыцца ў рэлізе.

“Асабліва была адзначана наяўнасць маркіроўкі вытворцаў краін ЕС на шэрагу элементаў аднаго з збітых беларускімі сіламі СПА беспілотнікаў. Акцэнтавана, што падобныя дзеянні нясуць патэнцыял радыкальнай эскалацыі ваеннага канфлікту, якая пагражае яго сур’ёзным пашырэннем, у тым ліку на краіны ЕС”, — заявіў МЗС, які прадстаўляе краіну, што падтрымлівае расійскую агрэсію супраць Украіны і паўтарае замежнапалітычныя ўстаноўкі Крамля.

Беларусь, адзначылі ў знешнепалітычным ведамстве, “нязменна выступае за мірнае ўрэгуляванне крызісу шляхам перамоваў” і заклікае Еўрасаюз “прыняць усе магчымыя меры свайго ўплыву на ўкраінскае кіраўніцтва з мэтай прадухілення падобных дзеянняў у наступным”.

10 жніўня Аляксандр Лукашэнка абвінаваціў Украіну ў парушэнні беларускай паветранай прасторы беспілотнымі лятальнымі апаратамі і загадаў вярнуць да паўднёвай мяжы адведзеныя ў ліпені войскі. Гэта адбылося на фоне наступальнай аперацыі ўкраінскіх войскаў у Курскай вобласці РФ.

Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская заявіла, што Лукашэнка чарговым разам прадэманстраваў свой статус марыянеткі Пуціна, спрабуючы адцягнуць украінскія сілы перамяшчэннямі войскаў і фэйкавымі гісторыямі аб беспілотніках.

11 жніўня спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка ў эфіры ўкраінскіх тэлеканалаў паведаміў, што ведамства памежная служба Украіны не бачыць зменаў на мяжы з Беларуссю.

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ), намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (ОПК) Павел Латушка лічыць, што Пуцін у адпаведнасці з палажэннямі Ваеннай дактрыны Саюзнай дзяржавы мог звярнуцца да Лукашэнкі з просьбай накіраваць беларускае войска на абарону Курскай вобласці РФ.

“Лукашэнка, вядома, не хоча гэта рабіць, для яго гэта трыгерная сітуацыя, — сказаў Латушка. — Ён баіцца накіраваць Узброеныя сілы Беларусі на тэрыторыю Расіі абараняць Расійскую Федэрацыю. Таму ён зноў вымушаны вярнуць войскі да мяжы з Украінай, парушыць, напэўна, нейкія абавязанні, якія ён даваў Кітаю, магчыма, Францыі, <…> каб не накіроўваць на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі”.

Падзяліцца: