Мінск 10:40

Абстаноўка ў дзіцячых лагерах Брэсцкай вобласці “не ў поўнай меры адпавядае патрабаванням бяспекі” — пракуратура

Ілюстратыўнае фота: Realt.by

14 жніўня, Позірк. Аб выяўленні парушэнняў у арганізацыі харчавання і не захаванні санітарна-гігіенічных патрабаванняў у некаторых аздараўленчых лагерах Брэсцкай вобласці паведаміла 14 жніўня пракуратура рэгіёну.

У рамках маніторынгу выканання заканадаўства пры арганізацыі вольнага часу дзяцей у летні перыяд, супрацоўнікамі нагляднага органа было ўстаноўлена, што “складаная абстаноўка” ў асобных лагерах “не ў поўнай меры адпавядае патрабаванням бяспекі і палажэнням дзеючага заканадаўства”.

У Пінскім і Пружанскім раёнах “выяўлены парушэнні ў арганізацыі харчавання дзяцей”. Не ва ўсіх абследаваных лагерах выконваліся санітарна-гігіенічныя патрабаванні, а таксама ўмовы захоўвання прадуктаў харчавання, што “прыводзіла да іх хуткага псавання”.

У асобных выпадках зафіксаваны парушэнні пажарнай бяспекі.

У Баранавіцкім раёне работнікам лагера “былі дапушчаны парушэнні працоўнай дысцыпліны”. Ён звольнены, дырэктару аб’яўлена вымова.

5 жніўня пракуратура Гомельскай вобласці паведамляла, што ў аздараўленчым лагеры ў Рэчыцкім раёне, дзе 14 ліпеня загінула дзіця падчас урагану, было “фармальнае стаўленне адміністрацыі <…> да правядзення інструктажоў, трэніровак па эвакуацыі і дзеяннях у надзвычайных сітуацыях”.

Адзначалася, што “падчас урагану ў выніку адсутнасці арганізаванай эвакуацыі дзяцей чацвёра непаўналетніх атрымалі цялесныя пашкоджанні, а адзін чатырнаццацігадовы хлопчык памёр на месцы здарэння ад атрыманых траўм”.

У цэлым дзіцячыя аздараўленчыя лагеры рэгіёну “не ў поўнай меры” адпавядаюць патрабаванням бяспекі і палажэнням дзеючага заканадаўства, гаварылася ў рэлізе.

У лагерах “адсутнічаў належны кантроль за дзецьмі, у выніку чаго адбываліся сістэматычныя парушэнні дысцыпліны і ўнутранага распарадку, паміж дзецьмі адбываліся канфлікты, якія заканчваліся атрыманнем імі цялесных пашкоджанняў”.

Паводле звестак МНС, ад непагадзі ў ліпені ў Беларусі загінула сем чалавек, у тым ліку двое дзяцей.

Падзяліцца: