Мінск 15:35

Ціханоўская спадзяецца, што Пачобут зможа свабодна выехаць з Беларусі

Ціханоўская з партрэтам Пачобута
Архіўнае фота: прэс-служба беларускага палітыка

8 верасня, Позірк. “Кожны, хто ведае яго гісторыю, разумее, колькі мужнасці стаіць за гэтым рашэннем”, — заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская з нагоды таго, што экс-палітвязень, журналіст і актывіст польскай меншасці Анджэй Пачобут 8 верасня часова вярнуўся ў Беларусь з Польшчы.

Палітык адзначыла, што “часам нават ва ўмовах дыктатуры чалавек часам можа адваяваць для сябе маленькую прастору свабоды — дзякуючы ўласнай стойкасці і міжнароднай падтрымцы”. Яна “вельмі рада, што Анджэй цяпер у Беларусі і можа быць дома”.

“Але важна не рабіць з гэтага выснову, што ў краіне нешта змянілася для ўсіх, — папярэдзіла Ціханоўская. — Рэпрэсіі працягваюцца: людзей затрымліваюць, заводзяць крымінальныя справы, ціснуць на родных, выклікаюць у КДБ. Для тых, хто мае рызыку пераследу, вяртанне па-ранейшаму можа быць небяспечным”.

“Гісторыя Анджэя — вельмі асаблівая. Такія людзі натхняюць сваёй вытрымкай і гераізмам. І сёння галоўнае, каб ён быў у бяспецы. І спадзяюся, што ён гэтак жа свабодна зможа выехаць”, — дадала дэмлідар.

Пра тое, што Пачобут 8 верасня часова вярнуўся з Польшчы ў Беларусь, паведаміла польская Gazeta Wyborcza. Адзначаецца, што ён перасёк польска-беларускую мяжу і накіраваўся ў Гродна. Паездка мае доўжыцца тыдзень.

Пачобут, як піша выданне, раней заяўляў, што ў Гродне плануе “наведаць розныя месцы”. “Вельмі шмат людзей аказалі мне дапамогу: куплялі ежу, дасылалі пасылкі, пакуль я сядзеў і мог іх атрымліваць. У лагеры гэтае права ў мяне адабралі. Я вельмі ўдзячны за дапамогу, яна дапамагла мне выжыць”, — сказаў ён.

У інтэрв’ю польскаму інфармагенцтву PAP (апублікавана 2 верасня) Пачобут казаў, што падчас кароткай размовы пасля агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане папрасіў у папы рымскага Льва XIV блаславення для Беларусі, сваёй сям’і і Саюза палякаў.

Пра тое, што яго планы па вяртанні ў Беларусь не змяніліся, Пачобут заявіў на фестывалі “Кампус Польшча будучыні” (Campus Polska Przyszłości) 27 жніўня ў Ольштыне.

“Ніхто не дасць мне ніякіх гарантый, як павядуць сябе ўлады Беларусі”, — адзначыў актывіст, дадаўшы, што ўсведамляе ўсе рызыкі.

53-гадовы Пачобут быў вызвалены і вывезены з Беларусі ў Польшчу 28 красавіка. Ён быў сярод асуджаных, якіх дэмакратычныя краіны вызвалілі ў рамках абмену з Беларуссю і РФ па схеме “пяць на пяць”.

У траўні Пачобут паведаміў, што афіцыйна быў памілаваны, хоць не пісаў прашэння аб гэтым.

Намер вярнуцца ў Беларусь Пачобут дэклараваў адразу пасля вызвалення, паведаміўшы, што папрасіў пра адпаведныя гарантыі з боку Мінска: “Прывялі чыноўніка з Адміністрацыі прэзідэнта і патэлефанавалі польскаму часоваму паверанаму ў справах. Я спытаў, ці магу я вярнуцца ў Беларусь. Ён пацвердзіў гэта. Беларускія чыноўнікі таксама пацвердзілі гэта” (цытата ад 28 красавіка).

Выступаючы ў Сенаце Польшчы 20 траўня, Пачобут заявіў, што вернецца ў Беларусь не пазней за верасень.

1 верасня намеснік кіраўніка Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Чэслаў Мрочэк выказаў асцярогу, што вяртанне Пачобута ў Беларусь “нясе велізарную рызыку для яго”.

Падзяліцца: