Мінск 09:02

Акрамя Арменіі незадаволенасць выказваннямі Лукашэнкі выказаў Казахстан

Фота: МЗС Казахстана

22 жніўня, Позірк. Да “неабходнасці аб’ектыўна ацэньваць пазіцыю Астаны ў дачыненні да працэсаў, якія адбываюцца”, заклікаў беларускі бок намеснік прэм’ер-міністра — міністр замежных спраў Казахстана Мурат Нуртлеу.

Меркаванне ўладаў сваёй краіны ён данёс да амбасадара Беларусі Паўла Уцюпіна, які 21 жніўня быў запрошаны ў МЗС пасля апублікаванай напярэдадні поўнай версіі інтэрв’ю Аляксандра Лукашэнкі тэлеканалу “Россия”, дзе частка разваг была прысвечаная Казахстану.

Паводле інфармацыі МЗС, на сустрэчы з амбасадарам “абмеркаваныя актуальныя пытанні казахска-беларускага супрацоўніцтва як на двухбаковым узроўні, так і ў рамках шматбаковых арганізацый”.

Міністр падкрэсліў, што Казахстан “праводзіць збалансаваную і мірную знешнюю палітыку ў адпаведнасці са Статутам ААН і асноватворнымі нормамі міжнароднага права”. Астана “цвёрда перакананая, што ўсе рознагалоссі паміж дзяржавамі павінны вырашацца палітыка-дыпламатычнымі сродкамі”.

“У цяперашніх геапалітычных умовах выпрацаваны кіраўніком дзяржавы [Касым-Жамартам Такаевым] знешнепалітычны курс краіны даказаў сваю эфектыўнасць”, — падкрэсліваецца ў паведамленні казахстанскага МЗС.

У інтэрв’ю тэлеканалу “Россия” Лукашэнка заявіў: “Мы не пачынаем выкручвацца, як некаторыя нашы постсавецкія дзяржавы, ад Расіі хочуць чагосьці ўзяць, а наўзамен нічога не даць… Так справа не пойдзе, давайце будзем разам. Вось гэты час недалёка, калі прыйдзеце да той жа Расіі і будзеце прасіць падтрымкі і дапамогі. Прасіць няма ў каго. У Казахстане нешта здарылася. Каго прасілі? Кітай, Індыю, Пакістан там побач — не. Вось Пуцін, Лукашэнка, дапамажыце. І мы перакінулі туды на працягу поўдня, нашыя ўжо самалёты там прызямляліся, у Казахстане. Уціхамірылі. Я не ў папрок кажу. І гэта не аддаць доўг, але трэба разумець, што складзецца сітуацыя, што вы потым прасіць нас будзеце, а не кагосьці, ніхто да вас на дапамогу не прыйдзе. Ну і потым мы стварылі эканамічную прастору, худа-бедна постсавецкую гэтую прастору. Але навошта яе губляць? Што, Казахстан або Узбекістан са сваімі таварамі іх чакаюць дзесьці ў Амерыцы ці ў Еўрасаюзе? Ды не. Тое, чаго не хапае, можа, і купяць на 2 млн долараў, а астатняе самі ясіце”.

Пасля Казахстана Лукашэнка адразу перайшоў да крытыкі Арменіі, што стала прычынай акцыі пратэсту ля будынка беларускай амбасады.

Падзяліцца: