Мінск 08:41

У Аршанскім раёне на агранома заведзеная крымінальная справа за псаванне 110 тон збожжа

Ілюстрацыйнае фота: сайт прадпрыемства "Гомсельмаш"

27 жніўня, Позірк. У дачыненні да галоўнага агранома аднаго з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Аршанскага раёна (Віцебская вобласць) распачатая крымінальная справа за псаванне 110 тон збожжа, паведамляе прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

Жанчыну абвінавачваюць у “перавышэнні ўлады або службовых паўнамоцтваў” (арт. 426 КК), учыненым “з карыслівай ці іншай асабістай зацікаўленасці”.

Паводле даных МУС, прадпрыемству нанесены ўрон на суму больш за 22 тыс. рублёў.

“Устаноўлена: у ліпені бягучага года 45-гадовая жанчына, з’яўляючыся службовай асобай, ведаючы, што паказчыкі вільготнасці збожжавых культур перавышаюць гранічна дапушчальную норму, дала ўказанні работнікам прадпрыемства на іх уборку. Такім чынам яна хацела выканаць планавы аб’ём вытворчасці валавой прадукцыі, за што прадугледжанае прэміраванне”, — заявіў намеснік начальніка УБЭП УУС Віцебскага аблвыканкама Вадзім Гердаў.

Сцвярджаецца, што “за некалькі дзён з палёў было ўбрана 110 тон збожжа неналежнай якасці”. “Пасля яравы авёс і азімы ячмень знішчылі”, — паведамілі ў МУС.

У аграпрамысловым комплексе, згодна з матэрыяламі Камітэта дзяржкантролю і Генпракуратуры, “цэлы букет рознага роду парушэнняў: крадзяжы, карупцыя, прыпіскі, негатоўнасць тэхнікі і зернесушыльных комплексаў і іншыя”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 19 ліпеня на селектарнай нарадзе з прадстаўнікамі сваёй адміністрацыі, урада, мясцовых уладаў.

Злачынствам ён назваў негатоўнасць “нават аднаго камбайна або сушылкі”: “Патрэбныя высокая арганізацыя работ, добрая матывацыя аграрыяў і жалезная дысцыпліна. Пакуль — нават тое, што я бачу няўзброеным вокам, — мы гэтага не маем”.

13 жніўня Міністэрства працы і сацыяльнай абароны паведаміла, што падчас уборкі ўраджаю выяўлена амаль 6 тыс. парушэнняў патрабаванняў па ахове працы. Паводле сцвярджэння ведамства, парушэнні ўстаноўленыя па выніках 585 маніторынгаў, праведзеных “мабільнымі групамі” з ліку прадстаўнікоў дэпартамента дзяржінспекцыі працы і мясцовых уладаў.

Падзяліцца: