Мінск 19:50

За тыдзень у Беларусь уехала больш за 2,7 тыс. грамадзян Украіны

Крыніца: visitukraine.today

23 жніўня, Позірк. За мінулы тыдзень (з 6:00 23 жніўня да 6:00 30 жніўня) у Беларусь заехаў 2.761 грамадзянін Украіны (за папярэднія сем дзён — 2.971), вынікае з праведзенага Позіркам аналізу звестак Дзяржаўнага памежнага камітэта.

Непасрэдна праз украінска-беларускую мяжу за названы перыяд не прайшоў ніхто (тыднем раней — адзін чалавек), транзітам праз Польшчу — 2.179 (2.350), Літву — 539 (560), Латвію — 43 (60).

З пачатку года ў Беларусь заехала 91.515 грамадзян Украіны: з тэрыторыі Украіны — 36, транзітам праз Польшчу — 72.543, праз Літву — 17.566, праз Латвію — 1.370.

Усяго з 24 лютага 2022 года ў Беларусь прыбыло 238.007 грамадзян Украіны: праз украінска-беларускую мяжу — 15.954, транзітам праз Польшчу — 170.331, праз Літву — 45.816, праз Латвію — 5.906.

“Дзяржпагранкамітэт Беларусі займаецца несумленнай падачай лічбаў і чыстай вады маніпуляцыяй”, — заявіў у інтэрв’ю “Позірку” ў лютым гэтага года амбасадар па асаблівых даручэннях МЗС Украіны па Беларусі Ігар Кізім. Паводле яго слоў, гаворку трэба весці аб звычайных паездках грамадзян Украіны ў Беларусь.

Дыпламат адзначыў, што ў адкрытых крыніцах звестак аб колькасці ўкраінцаў, якія выехалі з Беларусі, не знайсці. “Сумленным і прыстойным з боку ДПК было б даваць гэтую статыстыку”, — лічыць ён.

“Насамрэч гаворка ідзе не пра транзітных уцекачоў ці людзей, якія заехалі ў Беларусь, каб папрасіць прытулак. Гэта, як і раней, простыя паездкі ўкраінскіх грамадзян”, — адзначыў Кізім.

Паводле звестак Арганізацыі Аб’яднаных Нацый на 19 жніўня, у свеце было зафіксавана 6 млн 655,1 тыс. украінскіх уцекачоў (з іх у Еўропе — 6 млн 83,8 тыс.).

Падзяліцца: