Мінск 07:54

Латушка — партнёрам: Прыцягніце да адказнасці Лукашэнку, дайце нам магчымасць раскалоць эліты

Фота: прэс-служба НАУ

30 жніўня, Позірк. Сёння на Захадзе наўрад ці нехта ў стане “дакладна агучыць, якія найбольш эфектыўныя стратэгіі супрацьдзеяння аўтакратычным лідарам у Беларусі і Расіі”, заявіў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка 30 жніўня ў Празе на форуме GLOBSEC.

Паводле яго слоў, якія прыводзіць прэс-служба НАУ, раней стратэгія дэмакратычных краін у дачыненні да Лукашэнкі “заключалася ў пастаянных паўторах, спробах касметычнай лібералізацыі рэжыму”, і “гэтая стратэгія правалілася”. Дамовіцца з Лукашэнкам пра паступовую дэмакратызацыю немагчыма, бо для яго гэта “самазнішчэнне”, перакананы палітык.

Латушка выступае за “стратэгію ціску” і “разбурэння аўтакратычнага рэжыму Лукашэнкі”.

“Патрэбная комплексная стратэгія, патрэбная пастаноўка мэты скасавання рэжыму Лукашэнкі і неабходныя канкрэтныя дзеянні, — заявіў ён. — Усе гэтыя чатыры гады (пры ўсёй маёй удзячнасці да партнёраў у дэмакратычных краінах) мы назіраем запаволеную рэакцыю на агрэсіўныя дзеянні рэжымаў, якія эскалуюць сітуацыю, пастаянна паднімаюць стаўкі. Чаму рэжымы так робяць? Дыктатары разумеюць толькі мову сілы, а дэмакратыі дагэтуль размаўляюць з імі на дыпламатычным дыялекце, што ўспрымаецца рэжымамі як праява слабасці”.

На думку палітыка, трэба “прымусіць дыктатара выканаць умовы беларускага грамадства: вызваленне ўсіх палітвязняў, правядзенне дэмакратычных выбараў”, задзейнічаўшы для гэтага “ўсе міжнародныя і прававыя інструменты”.

“Маёй камандай НАУ і іншымі ініцыятывамі падрыхтаваныя матэрыялы і вызначаныя інструменты, як прыцягнуць Лукашэнку да адказнасці. Хто гатовы ўзяць на сябе палітычнае рашэнне і перадаць у Міжнародны крымінальны суд на разгляд справу Лукашэнкі? <…> Калі Еўропа хоча, каб беларусы надалей верылі ў дэмакратыю, крымінальная справа Лукашэнкі ўжо сёлета павінная апынуцца ў МКС”, — падкрэсліў ён.

Праблему дыктатуры ў Беларусі не можа вырашыць ніхто, акрамя беларусаў, адзначыў Латушка, аднак дэмакратычныя партнёры могуць дапамагчы. Паводле яго слоў, неабходна палітычная воля, каб падпісаць дэкларацыю аб супрацы інстытутаў дэмсіл Беларусі з ЕС, не закрываць пагранпераходы для пасажырскага руху, выдаваць беларусам больш віз, “кратна павялічыць” падтрымку незалежных СМІ, “даць 12 тысяч стыпендый еўрапейскіх ВНУ для беларусаў — столькі штогод дае Расія”, а таксама падтрымліваць ідэнтычнасць і матываваць беларусаў, дэманстраваць еўрапейскую перспектыву і паставіць пытанне пра адказнасць Лукашэнкі за злачынствы.

“Падпольныя актыўнасці мы арганізуем. Нам не патрэбныя F-16 і “Леапарды” (амерыканскі знішчальнік і нямецкі танк адпаведна. — “Позірк”.), перадайце іх у як мага большай колькасці Украіне. Прыцягніце да адказнасці Лукашэнку, дайце нам магчымасць раскалоць эліты”, — заклікаў партнёраў палітык.

Падзяліцца: