Мінск 23:48

На факультатыўных занятках школьнікаў будуць навучаць навыкам правядзення допыту і вочнай стаўкі

Фота: blizko.by

31 жніўня, Позірк. Міністэрства адукацыі зацвердзіла праграму факультатыўных заняткаў “Гатовыя Радзіме служыць!” для вучняў 10–11 класаў агульнаадукацыйных школ.

Адпаведная пастанова за подпісам кіраўніка ведамства Андрэя Іванца апублікаваная 31 жніўня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Праграма разлічаная 69 гадзін (35 у 10-м класе, 34 — у 11-м).

Заяўляецца, што мэта факультатыўных заняткаў — “фарміраванне грамадзянскасці і патрыятызму навучэнцаў <…>, устойлівай цікавасці да прафесійнай дзейнасці, звязанай з сістэмай забеспячэння нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь; пашырэнне, паглыбленне і сістэматызацыя ведаў па асновах прафесій, звязаных з нацыянальнай бяспекай краіны”.

Сярод задач навучання — “фарміраванне ў вучняў асабістай адказнасці за забеспячэнне нацыянальнай бяспекі <…>, смеласці і рашучасці, пачуцця калектывізму”, “паглыбленне ведаў аб гістарычным мінулым Беларусі і гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, “удасканаленне навыкаў інфармацыйнай бяспекі”, “развіццё фізічных якасцяў асобы: сілы, спрыту, хуткасці, вынослівасці”.

Навучанне будзе складацца з некалькіх блокаў: “Нацыянальная бяспека дзяржавы. Абарона Айчыны — доўг і абавязак грамадзяніна”, “Ваенная справа”, “Будучы абаронца правапарадку”, “Будучы следчы”, “Будучы памежнік”, “Будучы мытнік”, “Будучы ратавальнік”.

У рамках навучання “вайсковай справе” ў навучэнцаў будуць фарміраваць гатоўнасць да “праходжання вайсковай службы, у тым ліку матывацыі да паступлення ў вайсковыя навучальныя ўстановы”, гаворыцца ў пастанове.

Праграма гэтага блока змяшчае “наведванне вайсковай часткі”, “азнаямленне з парадкам прыняцця ваеннай прысягі”, заняткі па стралковай падрыхтоўцы. Апошнія, згодна з дакументам, будуць уключаць “парадак няпоўнай разборкі і зборкі аўтамата Калашнікава”, навучанне “падрыхтоўцы да стральбы, правільнага прыцэльвання, тэхнікі стральбы з пнеўматычнай (малакалібернай) вінтоўкі”.

У пастанове таксама гаворыцца аб страявой падрыхтоўцы: навучэнцам трэба будзе асвоіць “выкананне каманд “Станавіся”, “Раўняйся”, “Смірна”, “Вольна”, “Адставіць”, “Разыйдзіся”, і інш.

У рамках навучання “прыёмам рукапашнага бою” старшакласнікам прапануюць асвоіць у тым ліку “ўдары рукой (прамы, бакавы, знізу) і нагой (прамы, збоку, знізу); прыёмы абароны ад удараў нагой і рукой (сыходы, падстаўкі, адбівы)”, “самаабароне ад захопаў”.

“Будучых абаронцаў правапарадку” мяркуецца матываваць да “службы ў праваахоўных органах” і “паступлення ў навучальныя ўстановы Міністэрства ўнутраных спраў”. Таксама сярод іншага ім трэба будзе “ўдасканальваць веды аб спецыяльнай тэхніцы і ўзбраенні ў органах унутраных спраў”, “удасканальваць навыкі валодання стралковай зброяй”, “фарміраваць пачатковыя навыкі валодання прыёмамі рукапашнага бою”. Прадугледжаныя практычныя заняткі па страявой і фізічнай падрыхтоўцы.

У блоку “Будучы следчы” пастанова прадугледжвае “забеспячэнне асваення навучэнцамі практычнымі прыёмамі і навыкамі правядзення асобных следчых дзеянняў (допыту, вочнай стаўкі, прад’яўлення для апазнання, агляду месца здарэння)”.

Акрамя гэтага, школьнікаў азнаёмяць з “прынцыпамі і падставамі прымянення фізічнай сілы супрацоўнікам Следчага камітэта пры выкананні службовых абавязкаў”.

Таксама ў гэтай частцы праграмы вылучаныя навучальныя гадзіны на “вывучэнне і адпрацоўку асноўных прыёмаў самаабароны: вызваленне ад захопаў і задушвання; абаронныя дзеянні ад удару рукой, нагой, прадметам”.

Падзяліцца: