Мінск 09:21

Лукашэнка прапанаваў каралю Эсваціні Мсваці III узгадніць у Беларусі “планы на будучыню”

Кароль Мсваці III
Архіўнае фота: урады Эсваціні

6 верасня, Позірк. Наведаць Беларусь, каб “абмеркаваць актуальныя пытанні двухбаковага парадку дня і ўзгадніць сумесныя планы на будучыню”, прапанаваў каралю Эсваціні Мсваці III Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 6 верасня афрыканскага манарха з Днём незалежнасці яго краіны.

“Сёлета з задавальненнем адзначаем усталяванне дыпламатычных стасункаў і актывізацыю беларуска-эсвацінскага ўзаемадзеяння, — прыводзіць тэкст паслання прэс-служба віншавальніка. — Прэм’ер-міністру Эсваціні Расэлу Дламіні, які наведаў нашу краіну сёлета ў чэрвені, мы прадэманстравалі эканамічны патэнцыял Беларусі, а таксама прапанавалі канкрэтныя праекты супрацоўніцтва ў сферах сельскай гаспадаркі, харчовай бяспекі, прамысловасці, аховы здароўя і адукацыі. Беларускі бок гатовы ажыццявіць іх у самы кароткі тэрмін”.

На думку Лукашэнкі, рэалізацыя гэтых ініцыятыў на “ўзаемавыгадных партнёрскіх умовах” закладзе “трывалы падмурак для міждзяржаўных сувязей, а таксама дапаможа ўраду Эсваціні ў дасягненні мэт сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны”.

Беларусь і Эсваціні ўсталявалі дыпламатычныя стасункі 4 чэрвеня 2024 года. Праз 16 дзён, 20 чэрвеня, у Мінск прыбыла эсвацінская дэлегацыя на чале з прэм’ер-міністрам Расэлам Дламіні. Бакі падпісалі дарожную карту супрацоўніцтва ў галіне медыцыны, якая прадугледжвае пастаўку медпрэпаратаў, арганізацыю сумеснага прадпрыемства, арганізацыю клінікі ў каралеўстве. Мінск таксама прапанаваў навучаць эсвацінскія паліцэйскія кадры.

Каралеўства Эсваціні (да 2018 года — Свазіленд) — дзяржава ў Паўднёвай Афрыцы, якая займае 17,4 тыс. кв. км (менш за палову Мінскай вобласці), дзе пражывае 1,2 млн чалавек.

Валавы ўнутраны прадукт Эсваціні на душу насельніцтва ў 2023 годзе быў амаль удвая меншы, чым у Беларусі — 3.995 долараў супраць 7.427. На сельскую, лясную гаспадарку і горназдабыўную прамысловасць прыпадае 13% ВУП гэтай афрыканскай дзяржавы, на апрацоўчую прамысловасць (тэкстыль і перапрацоўка цукру) — 37%, на паслугі — 50%.

Падзяліцца: