Мінск 20:06

Лукашэнка перакананы ў развіцці партнёрства з Таджыкістанам на базе “сумеснай гістарычнай мінуўшчыны”

Кірмаш у Душанбэ
Ілюстрацыйнае фота: Anton Rybakov / unsplash.com

9 верасня, Позірк. Беларусы “з асаблівай цеплынёй ставяцца” да Таджыкістана, які “гарманічна спалучае асаблівую ўвагу да багатай культурнай спадчыны і накіраванасць у будучыню”, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 9 верасня прэзідэнта гэтай краіны Эмамалі Рахмона з Днём дзяржаўнай незалежнасці.

За гады незалежнасці, гаворыцца ў апублікаваным прэс-службай віншавальніка пасланні, Таджыкістан “дамогся ўражлівых поспехаў у сацыяльна-эканамічнай сферы, забеспячэння нацыянальнай бяспекі, умацавання раўнапраўнай і ўзаемавыгаднай супрацы на міжнароднай арэне”.

“Высока цаню наш шматгадовы даверны дыялог і спадзяюся на яго працяг у атмасферы сяброўства і разумення. Глыбока перакананы, што беларуска-таджыкскае партнёрства, заснаванае на сумеснай гістарычнай мінуўчшыне, будзе і надалей актыўна развівацца”, — заявіў ён.

Рахмон і Лукашэнка стэлефаноўваліся 30 жніўня, у дзень народзінаў апошняга. Сярод іншага бакі абмеркавалі пытанні развіцця двухбаковых стасункаў і “сустрэчу на вышэйшым узроўні, што мае адбыцца на пачатку кастрычніка” (верагодна, мелася на ўвазе сустрэча ў рамках саміту СНД, які пройдзе 8 кастрычніка ў Маскве).

На сустрэчы з амбасадарам Таджыкістана Бахтаварам Сафарзадой 15 студзеня ў Мінску Лукашэнка заявіў, што ў гандлёва-эканамічных стасунках Мінска і Душанбэ “праблем процьма”, а задач, “якія трэба вырашаць”, — “такая ж колькасць”.

Ён спаслаўся на даныя МЗС, які канстатаваў “нязначнае зніжэнне” двухбаковага тавараабароту па выніках 2023 года. Аднак, адзначыў Лукашэнка, 2022 год забяспечыў “прыстойнае зніжэнне” ўзроўню ўзаемнага гандлю.

Паводле сцвярджэння Лукашэнкі, у Беларусі “маецца усё неабходнае, у чым мае патрэбу Таджыкістан у галіне прамысловасці, сельскай гаспадаркі, <…> аўтамабільнай тэхнікі, асабліва вялікагрузаў”. Ён заявіў пра гатоўнасць “падключыцца да аказання дапамогі ў гарантаванні бяспекі” Таджыкістана.

Паводле даных таджыкістанскіх уладаў, тавараабарот паміж Мінскам і Душанбэ ў 2022 годзе склаў 89,4 млн долараў, доля паставак з Беларусі ў яго структуры — 82,2 млн (92%).

Падзяліцца: