Мінск 08:45

Продажы новых грузавікоў МАЗ на рынку Расіі ў жніўні знізіліся на 27%

Ілюстрацыйнае фота: mazmarket.ru

12 верасня, Позірк. У жніўні на расійскім рынку было прададзена 428 новых грузавікоў Мінскага аўтамабільнага завода — на 27,1% менш, чым у тым жа месяцы 2023 года (587), гаворыцца ў даследаванні “АСМ-холдынг” (РФ).

За восем месяцаў беларускае прадпрыемства рэалізавала 3.759 адзінак гэтай тэхнікі (за адпаведны ж леташні перыяд — 4.120; -8,8%).

Прадукцыя Мінскага аўтазавода ў мінулым месяцы заняла 8-е месца (у ліпені была аналагічная пазіцыя) у спісе самых прадаваных брэндаў гэтага сегмента аўтарынку Расіі, канстатавалі эксперты. Доля на рынку склала 3,9% (4,2%).

Пяцёрку лідараў продажаў узначаліў расійскі КамАЗ (1.689; -43,3% да ўзроўню продажаў у ліпені 2023-га). Далей ідуць чатыры кітайскія вытворцы: SITRAK (1.733; -41%), Shaanxi (1.574; -45,4%), FAW (920; -59,2%) і Dongfeng (1.037; рост у 2,2 разы).

Толькі дзве мадэлі беларускага завода трапілі ў рэйтынг 25 самых папулярных на рынку РФ: “6312 6X4” (20-е месца; 120 адзінак; +17,6%), “5340 4X2” (25-е; 75 адз.; +17 ,2%).

У 2023 годзе МАЗ прадаў 6.406 новых грузавікоў — на 45,9% больш, чым у 2022-м (4.391).

На нарадзе па развіцці прамысловасці 9 красавіка 2024 года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што “айчынная прадукцыя саступае аналагам як у цане, так і ў якасці”. “Доля нашых грузавых аўтамабіляў [на расійскім рынку] знізілася — да 6%”, — звярнуў увагу ён.

Лукашэнка таксама адзначыў, што пры рэалізацыі ў РФ па схеме “вытворца — генеральны імпарцёр — дыстрыб’ютар — дылер — канчатковы спажывец” кошт грузавой і пасажырскай тэхнікі МАЗа ўзрастае — на 20%.

15 чэрвеня 2023 года першы віцэ-прэм’ер Беларусі Мікалай Снапкоў заявіў, што рынак аўтатэхнікі Саюзнай дзяржавы “мае патрэбу ў аператыўным прыняцці адмысловых ахоўных мер праз актыўную экспансію кітайскіх вытворцаў”.

“Гаворка не проста пра падвышэнне імпартных пошлін, тут поля для манеўру амаль няма. Я маю на ўвазе антыдэмпінгавыя і спецабаронныя захады”, — сказаў Снапкоў.

Паводле яго слоў, экспансія ўсходніх партнёраў на беларускім і расійскім рынках аўтамабільнай грузавой тэхнікі відавочная, а дынаміка іх продажаў запалохвае.

Падзяліцца: