Мінск 20:02

У Савеце Еўропы ўладам Грузіі рэкамендавалі дазволіць свабодна працаваць замежным журналістам у выгнанні

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 6 кастрычніка 2024 года ў 10:00

На выніковай прэс-канферэнцыі дэлегацыі
Фота: coe.int

5 кастрычніка, Позірк. Дазволіць свабодна працаваць замежным супрацоўнікам СМІ ў выгнанні і не адмаўляць ім ва ўездзе ў краіну заклікала ўлады Грузіі Платформа Савета Еўропы па бяспецы журналістаў.

Прадстаўнікі партнёрскіх арганізацый платформы (у тым ліку “Артыкль 19”, “Рэпарцёры без межаў”, “Індэкс цэнзуры”) і Місіі хуткага рэагавання на праблемы свабоды СМІ працавала ў Грузіі 1 і 2 кастрычніка, менш чым за месяц да парламенцкіх выбараў. Высновы і рэкамендацыі апублікаваныя пад загалоўкам “Свабода прэсы і бяспека журналістаў пад пагрозай, ва ўмовах росту палярызацыі і нагнятання атмасферы страху”.

15 верасня грузінскія ўлады не пусцілі ў краіну беларускага журналіста Андрэя Мялешку, які пражыў у Батумі тры гады і адкрыў краму беларускай і ўкраінскай сімволікі. Разам з малодшай дачкой ён быў адпраўлены назад у Варшаву.

Платформа тады выступіла з заклікам перагледзець забарону на ўезд Мялешкі ў Грузію.

Чытайце інтэрв’ю Андрэя Мялешкі “Позірку”:

“Ляцеў у добразычлівы Сакартвела, а прыляцеў у грузінскую ССР”. Андрэй Мялешка пра нядопуск у краіну, якая падзяліла яго сям’ю

Парламенцкія выбары ў Грузіі адбудуцца 26 кастрычніка. Яны павінны вызначыць далейшы знешнепалітычны курс Тбілісі. Кіруючая партыя “Грузінская мара” блізкага да Расіі бізнэсоўца-мільярдэра Бідзіны Іванішвілі на словах дэкларуе збліжэнне з Еўрасаюзам і ЗША, аднак дэ-факта адбываецца пахаладанне стасункаў пасля абвінавачванняў Захаду ў разгойдванні сітуацыі і фінансаванні апанентаў. “Грузінская мара”, якую праціўнікі называюць “Рускай марай”, абяцае расправіцца з апазіцыяй у выпадку атрымання канстытуцыйнага большасці. Кіраўніцтва партыі абвінавачвае галоўную апазіцыйную сілу, “Адзіны нацыянальны рух” (АНР), у правакаванні вайны з Расіяй у 2008 годзе.

АНР быў кіруючай партыяй у 2004—2012 гадах, у бытнасць прэзідэнтам яе заснавальніка Міхаіла Саакашвілі. Апошнія 12 гадоў краінай кіруе “Грузінская мара”. Сам Саакашвілі знаходзіцца ў зняволенні.

Грузія стала адной з асноўных краін, дзе працуюць беларускія журналісты ў выгнанні. Туды не патрэбная віза, а да 1 студзеня 2026 года — і абавязковая медычная страхоўка, там можна знаходзіцца 364 дні запар, пасля чаго выехаць на некалькі гадзін і вярнуцца, каб пачаўся адлік новых 364 дзён. Але ў Грузіі амаль немагчыма атрымаць палітычны прытулак. У амбасадах краін Шэнгенскай зоны беларусам там цяжка атрымаць візу. Офіс Святланы Ціханоўскай не мае належных кантактаў з грузінскімі ўладамі.

Гл. таксама па тэме:

Разгляд скаргі праваабаронцы Кісляка на адмову ў наданні прытулку ў Грузіі прызначаны на 30 кастрычніка

Падзяліцца: