Мінск 13:23

У першым паўгоддзі Беларусь увайшла ў тройку найбуйнейшых пастаўшчыкоў азотных угнаенняў у Польшчу

Вытворчасць угнаенняў
Скрыншот: відэаматэрыял "Гродна Азот"

7 кастрычніка, Позірк. Доля беларускіх мінеральных угнаенняў (азотных, калійных і камбінаваных) на польскім рынку ў першым паўгоддзі 2024 года склала 6,9%, вынікае з інфармацыі міністэрства сельскай гаспадаркі краіны, якую прыводзіць польскае медыя Wieści Rolnicze, што спецыялізуецца на аграрнай тэматыцы.

Гэта чацвёрты паказчык пасля Расіі (29,2%), Германіі (20,8%) і Літвы (7,6%). За Беларуссю ідуць Марока (4,9%) і Нідэрланды (4,1%).

Пры гэтым Беларусь знаходзіцца на трэцім месцы паводле аб’ёму паставак у Польшчу азотных угнаенняў, саступаючы Расіі і Германіі, але апярэджваючы Літву, Алжыр, Венгрыю, Нідэрланды, Казахстан і Нігерыю.

Беларускія камбінаваныя ўгнаенні ў студзені — чэрвені 2024 года занялі шостую пазіцыю на польскім рынку, саступіўшы Марока, Расіі, Фінляндыі, Нідэрландам і Літве, але апярэдзіўшы Нарвегію.

Што да калійных угнаенняў, іх найбуйнейшымі пастаўшчыкамі на польскі рынак у першым паўгоддзі сталі Германія, Расія, Канада, Вялікабрытанія, Кітай, Іспанія, Іарданія і Ізраіль. Адсутнасць Беларусі ў гэтым спісе, відаць, звязаная з дзейнымі еўрапейскімі санкцыямі.

Польскія прадстаўнікі галіны ўгнаенняў, адзначаецца ў артыкуле, папярэджваюць, што далейшае павелічэнне імпарту ўгнаенняў з Расіі і Беларусі можа прывесці да выцяснення айчынных вытворцаў з рынку і паўтарэння г.зв. “ірландскага варыянту”, пры якім пасля ліквідацыі ўласнай вытворчасці адбыўся значны рост цэн на ўгнаенні.

У 2021 годзе ЕС, ЗША, Вялікабрытанія і Канада ўвялі санкцыі ў дачыненні да “Беларуськалія”. Праз уплыў абмежавальных мер у студзені 2022-га нарвежскі пастаўшчык калія Yara — адзін з найбуйнейшых у Еўропе пакупнікоў беларускіх угнаенняў — абвясціў пра спыненне супрацы з прадпрыемствам. 1 лютага таго ж года спыніўся экспарт калійных угнаенняў праз літоўскі порт у Клайпедзе.

У сакавіку 2022 года спыніў працу тэрмінал сыпкіх грузаў ВКТ Клайпедскага порта (Biriu kroviniu terminalas), 30% акцый якога належыць “Беларуськалію” (у верасні 2023-га ён зноў запрацаваў — стаў загружаць збожжа).

24 лютага 2023 года Савет ЕС абнавіў і падоўжыў санкцыі ў дачыненні да Беларусі, якімі забаранялася перамяшчэнне па тэрыторыі ЕС калійных угнаенняў з Беларусі. BKT вырашыў аспрэчваць санкцыі ў судзе. 18 снежня таго ж года стала вядома, што Еўрапейскі суд адхіліў іск BKT супраць Савета ЕС.

Падзяліцца: