Мінск 23:10

Брытанская ваенная выведка мяркуе, што цяжар фінансавання ПВК “Вагнер” можа легчы на Мінск

13 жніўня, Позірк. У выпадку, калі расійская дзяржава спыніць фінансаванне ПВК “Вагнер”, “другім найбольш верагодным плацельшчыкам могуць стаць беларускія ўлады”, гаворыцца ў справаздачы ваеннай выведкі Вялікабрытаніі за 13 жніўня, якую распаўсюдзіла Мінабароны краіны.

Аднак гэта будзе “істотнай і патэнцыйна непажаданай нагрузкай на сціплыя беларускія рэсурсы”, дадалі ў ведамстве.

У канцы чэрвеня пасля няўдалай спробы выступу супраць ваенна-палітычнага кіраўніцтва Расіі кіраўніку вагнераўцаў Яўгену Прыгожыну і частцы яго групоўкі было дазволена бесперашкодна перамясціцца ў Беларусь.

Найміты пачалі прыбываць на беларускую тэрыторыю ў ліпені. 14 ліпеня Міністэрства абароны паведаміла, што выпрацавала з кіраўніцтвам ПВК “Вагнер” “дарожную карту на бліжэйшую перспектыву па падрыхтоўцы і перадачы вопыту паміж падраздзяленнямі розных родаў войскаў”.

Улады Польшчы і краін Балтыі асцерагаюцца, што насамрэч вагнераўцы прыбылі ў Беларусь, каб паспрабаваць пранікнуць у Еўрасаюз або зладзіць правакацыю на мяжы з ЕС.

Падзяліцца: