Мінск 20:37

Ксёндз Павел Лемех з Шуміліна вымушана пакінуў Беларусь

Ксяндзы Павел Лемех і Анджэй Юхневіч (справа налева)
Архіўнае фота: catholicnews.by

17 кастрычніка, Позірк. Святар парафіі Маці Божай Фацімскай (Шуміліна, Віцебская вобласць) ксёндз Павел Лемех вымушана пакінуў Беларусь, паведамляе праваабарончы сайт “Віцебская Вясна”.

8 траўня Лемех быў затрыманы разам з пробашчам згаданай парафіі Анджэем Юхневічам і арыштаваны на 10 сутак за “пікетаванне ў інтэрнэце”.

Паводле інфармацыі “Віцебскай Вясны”, прэтэнзіі ўзніклі праз фотаздымак на фоне бел-чырвона-белага сцяга. На судзе Лемех таксама пацвердзіў наяўнасць на яго старонцы ў “Фэйсбуку” здымка сцяга Украіны. Ён патлумачыў, што такім чынам “выказаў скруху з прычыны гібелі мірных жыхароў суседней краіны пасля нападу Расіі”.

Пасля заканчэння тэрміну арышту ён выйшаў на волю.

Юхневіча пасля затрымання чатыры разы запар арыштоўвалі паводле арт. 24.23 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). На пачатку ліпеня стала вядома, што ў дачыненні да яго распачатая крымінальная справа, але дагэтуль невядома, паводле якога менавіта артыкула. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

5 кастрычніка ініцыятыва “Хрысціянская візія” заявіла, што Юхневічу пагражаюць фабрыкаваннем справы паводле абвінавачання ў злачынствах супраць сэксуальнай недатыкальнасці непаўналетніх.

Паводле інфармацыі “Хрысціянскай візіі”, з 2020 года адміністрацыйны арышт зазнаў 31 ксёндз, у тым ліку з Віцебскай дыяцэзіі — 13.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года стасункі дзяржавы і касцёла ў Беларусі ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія каталіцкія іерархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсій, якія рушылі ўслед за масавымі пратэстамі. Некаторыя святары прайшлі праз затрыманні, суды і арышты з палітычных матываў, асобныя былі вымушаныя пакінуць Беларусь.

Каталіцызм — другая паводле колькасці паслядоўнікаў хрысціянская канфесія ў Беларусі. У краіне каля 1,5 млн католікаў, у тым ліку больш за 10 тыс. грэка-каталікоў. Рымска-каталіцкі касцёл у Беларусі прадстаўлены трыма дыяцэзіямі — Гродзенскай, Віцебскай і Пінскай, а таксама Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй.

У Віцебскай вобласці затрыманы ксёндз-канонік Юрый Бараўнёў

8 кастрычніка, Позірк. Святар рымска-каталіцкай парафіі Сэрца Езуса ў Крулеўшчыне (Докшыцкі раён Віцебскай вобласці) ксёндз-канонік Юрый Бараўнёў быў затрыманы 7 кастрычніка, паведамляе ініцыятыва "Хрысціянская візія". У дачыненні да Бараўнёва распачаты адміністрацыйны працэс паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі …
Падзяліцца: