Мінск 17:21

У паветраную прастору Беларусі зноў урываліся расійскія беспілотнікі — УСУ

18 кастрычніка, Позірк. З вечара 17 кастрычніка да раніцы 18 кастрычніка Расія атакавала Украіну 80 беспілотнікамі — ударнымі і неўстаноўленага тыпу, два дроны выйшлі з украінскай паветранай прасторы і паляцелі ў кірунку Беларусі, паведамляюць Паветраныя сілы УСУ.

Маніторынгавая група “Беларускі Гаюн” заявіла пра ўварванне васьмі беспілотнікаў у паветраную прастору Беларусі з боку Украіны. У 23:25 з’явілася інфармацыя, што дзяжурны знішчальнік Ваенна-паветраных сіл Беларусі вылецеў з аэрадрома Баранавічы і накіраваўся на паўднёвы ўсход краіны. У той момант беспілотнік знаходзіўся ў раёне Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, які ахоплівае тэрыторыю Брагінскага і Нараўлянскага раёнаў Гомельскай вобласці.

Напярэдадні УСУ таксама паведамлялі аб двух дронах, якія паляцелі ў бок Беларусі.

4 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка прызнаў факты парушэння мяжы баявымі беспілотнікамі і заявіў, што беларускі бок шмат збівае незалежна ад таго, украінскія яны ці расійскія.

Залёт БПЛА Лукашэнка патлумачыў неспрактыкаванасцю тых, хто іх выкарыстоўвае, і адзначыў, што пасля ўздзеяння сродкаў радыёэлектроннай барацьбы беспілотнікі губляюць арыенцір.

“Некалькі выпадкаў такіх было і з боку Расіі, і з боку Украіны”, — сказаў ён падчас паездкі ў Пінскі раён (Берасцейская вобласць).

Паводле яго слоў, гэтыя пытанні ў Беларусі вырашаюць “на ўзроўні спецыялістаў, не выносячы ў публічнае поле”. Такія дамоўленасці нібыта былі дасягнутыя з абодвума бакамі.

У ноч на 3 кастрычніка з’явілася інфармацыя пра ўварванне чарговага расійскага беспілотніка. Тады была выказаная здагадка, што дрон іранскай маркі “Шахед” мог зваліцца ў Калінкавічах (Гомельская вобласць). Беларускія ўлады інцыдэнт ніяк не каментавалі.

Разам з тым 4 кастрычніка супрацоўнікі КДБ “пры сілавой падтрымцы вайскоўцаў САХРа” затрымалі жыхарку Калінкавічаў. Яны ўварваліся ў дом, відэакамера на якім зафіксавала шум і водбліскі беспілотніка, які падаў.

З ліпеня гэтага года рэсурсы, што спецыялізуюцца на маніторынгу вайсковай сітуацыі, паведамлялі пра мноства выпадкаў уварвання ў паветраную прастору Беларусі беспілотнікаў, якімі Расія атакуе Украіну.

У ноч на 5 верасня некалькі дронаў было збіта над Гомелем, абломкі аднаго з іх упалі на будынак склада, ніхто не пацярпеў. Мінабароны было вымушана прызнаць факт парушэння мяжы лятальнымі аб’ектамі, але не назвала, каму яны належалі.

8 верасня Міністэрства абароны Латвіі паведаміла, што ў Рэзэкненскім краі (не з’яўляецца памежным, размешчаны прыкладна за 35 км ад мяжы з Беларуссю) разбіўся расійскі дрон. 9 верасня кіраўніцтва латвійскіх Нацыянальных узброеных сіл заявіла, што расійскі дрон, што пацярпеў крушэнне ў Гайгалаўскай воласці Рэзекненскага краю, быў “начыненым выбухоўкай беспілотнікам тыпу Shahed”.

Падзяліцца: