Мінск 00:59

Жыхар Івацэвіцкага раёна затрыманы з ужываннем агнястрэльнай зброі

Ілюстрацыйнае фота
Крыніца: topwar.ru

20 кастрычніка, Позірк. Аб затрыманні супрацоўнікамі міліцыі жыхара Івацэвіцкага раёна (Брэсцкая вобласць) паведаміла 20 кастрычніка прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

Адзначаецца, што пры гэтым была ўжытая агнястрэльная зброя.

“У міліцыю звярнулася 60-гадовая жыхарка Івацэвіцкага раёна з паведамленнем, што яе сястру збівае сын. На месца неадкладна выехаў нарад”, — гаворыцца ў паведамленні.

Сцвярджаецца, што, убачыўшы супрацоўнікаў МУС, “31-гадовы дэбашыр з відавочнымі прыкметамі ап’янення завёў бензапілу і накіраваўся ў іх бок”. “На неаднаразовыя патрабаванні спыніцца ён не рэагаваў. Супрацоўнік зрабіў некалькі папераджальных стрэлаў, затым прыцэльны ў нагу”, — удакладняе ведамства.

Пасля затрымання мужчына быў шпіталізаваны, на месцы інцыдэнту працавала следча-аператыўная група.

“Распачатая крымінальная справа за гвалт альбо пагрозу прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў. Санкцыя артыкула прадугледжвае да сямі гадоў пазбаўлення волі”, — заявілі ў МУС.

Міліцыя актыўна затрымлівае падазраваных у розных злачынствах з ужываннем зброі, ёсць як мінімум двое загінулых пры затрыманні за апошні год.

У жніўні паведамлялася пра смерць ад атрыманых пры затрыманні раненняў Аляксандра Ліпскага. Яго падазравалі ў здзяйсненні забойства. Адзначалася, што Ліпскі аказаў супраціў сілавікам пры затрыманні і быў “ліквідаваны”. У МУС падкрэслілі, што “дзякуючы прафесіяналізму байцоў АМАП больш ніхто не пацярпеў”. Мужчына быў затрыманы ў кватэры бацькі ў Мінску.

19 лістапада 2023 года пры званку ў Рэчыцкі РАУС (Гомельская вобласць) жыхар вёскі Ліскі заявіў, што ў бок яго дома стралялі знаёмыя.

Міліцыянты затрымалі 36-гадовага мужчыну. Другога знайшлі з паляўнічай стрэльбай на адной з вуліц вёскі. “На неаднаразовыя патрабаванні пакласці зброю на зямлю вясковец не рэагаваў і рухаўся са стрэльбай, накіраванай у бок міліцыянтаў і грамадзянскіх асоб. Супрацоўнікі зрабілі папераджальныя стрэлы ў паветра, затым адзін на паразу”, — паведаміла прэс-служба МУС.

Мужчына памёр у бальніцы.

Агнястрэльная зброя была ўжытая пры затрыманні мужчыны 12 ліпеня ў Мінску.

У канцы чэрвеня ў Буда-Кашалёве (Гомельская вобласць) супрацоўнікі МУС з ужываннем зброі затрымалі 62-гадовага мясцовага жыхара. Сцвярджалася, што мужчына “кідаўся з нажом на навакольных”. З раненнем у правую нагу затрыманага даставілі ў бальніцу.

У сярэдзіне красавіка міліцыянт страляў у 59-гадовага жыхара вёскі Малыя Бортнікі (Бабруйскі раён Магілёўскай вобласці), які пагражаў касой.

У студзені было два затрыманні са стральбой — у Клічаве (Магілёўская вобласць) і Гродне.

Падзяліцца: