Мінск 22:30

Цывільныя і вайсковыя чыноўнікі Мінска трэніруюцца кіраваць фармаваннем тэрытарыяльных войскаў

Тэрытарыяльная абарона ў Кармянскім раёне Гомельскай вобласці
Ілюстрацыйнае фота: kormanews.by

22 кастрычніка, Позірк. Трэніроўка па кіраванні фармаваннем тэрытарыяльных войскаў пройдзе 22–23 кастрычніка ў Мінску, вынікае з паведамлення прэс-службы Міністэрства абароны.

Кіраваць ёй даручана начальніку ўпраўлення тэрытарыяльнай абароны — намесніку начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл Андрэю Краўчанку. У мерапрыемстве возьмуць удзел “службовыя асобы Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, адміністрацый раёнаў і вайсковых камісарыятаў Мінска”.

“Мэта трэніроўкі — удасканаленне практычных навыкаў службовых асоб органаў кіравання тэрытарыяльнай абароны ў кіраванні фармаваннем тэрытарыяльных войскаў”, — адзначыла Мінабароны.

Тэрытарыяльныя войскі — род войскаў Узброеных сіл, які склікаецца ў перыяд вайны або напружанай ваенна-палітычнай абстаноўкі. Выконвае дапаможныя функцыі. Складаецца з асоб, якія прайшлі службу і знаходзяцца ў запасе.

Разам з тым міністр абароны Віктар Хрэнін на сустрэчы з кіраўніцтвам выканкамаў — Мінскага гарадскога і абласных, а таксама вайсковымі камісарамі са сталіцы і рэгіёнаў 26 траўня 2023 года ў Гомелі заявіў, што тэрытарыяльная абарона “з сістэмы забеспячэння трансфармуецца ў паўнавартасную баявую”.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі няспынна праводзіць вучэнні, трэніроўкі, зборы на фоне абвастрэння стасункаў з Захадам і поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны, у якой афіцыйны Мінск падтрымлівае Крэмль.

Падзяліцца: