Мінск 03:28

Расія гатова прымяніць ядзерную зброю ў адказ на агрэсію супраць Беларусі — міністр абароны Белавусаў

Фота: прэс-служба Мінабароны Беларусі

23 кастрычніка, Позірк. Адаптаваная да “новых рэалій” дзяржаўная палітыка Расіі “дапускае магчымасць прымянення ядзернай зброі ў адказ на агрэсію супраць Беларусі”, заявіў міністр абароны РФ Андрэй Белавусаў 23 кастрычніка ў Мінску на пасяджэнні сумеснай калегіі двух ведамстваў.

Як адзначыў міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін, у наступным годзе “галоўнай падзеяй” стануць вучэнні “Захад-2025”. Паводле яго слоў, яны створаць умовы для “далейшага ўдасканалення дзеючай сістэмы забеспячэння ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы”.

“Мерапрыемствы такога маштабу даюць магчымасць на практыцы праверыць узровень баявой гатоўнасці рэгіянальнай групоўкі і здольнасць войскаў сумесна выконваць пастаўленыя задачы”, — цытуе яго прэс-служба Мінабароны Беларусі.

Адзначаючы поспехі двухбаковага супрацоўніцтва, Хрэнін у першую чаргу назваў “развіццё і ўдасканаленне рэгіянальнай групоўкі войскаў, абмен вопытам спецыяльнай ваеннай аперацыі (так у Маскве і Мінску называюць развязаную Расіяй вайну ва Украіне, — “Позірк”.)”.

На яго думку, “эфектыўна рэалізуецца супрацоўніцтва ў галіне падрыхтоўкі ваенных кадраў — цяпер у інтарэсах Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі навучаюцца больш як 360 спецыялістаў па розных напрамках.

“Не магу не адзначыць і супрацоўніцтва ў ваенна-тэхнічнай сферы, дзе бакі прадоўжылі аказваць адзін аднаму падтрымку ў пастаўках неабходных узбраенняў і ваеннай тэхнікі”, — падкрэсліў міністр.

Дагавор аб гарантыях бяспекі “пацвердзіць гатоўнасць Расіі і Беларусі выкарыстоўваць усе сілы і сродкі, якія існуюць ў іх арсенале, ў адказ на знешнюю агрэсію”, заявіў кіраўнік другога дэпартамента краін СНД МЗС РФ Аляксей Палішчук у апублікаваным 19 кастрычніка інтэрв’ю “РИА Новости”.

“У тым ліку — у выключных выпадках — ядзерная зброя, як аб гэтым 25 верасня гэтага года заявіў прэзідэнт Расіі”, — дадаў ён.

Аб тым, што ў дагавор аб гарантыях бяспекі будуць закладзены прынцып выкарыстання ядзернага і звычайнага ўзбраення, а таксама іншыя метады абароны Беларусі і РФ, заявіў міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў, выступаючы 2 верасня перад студэнтамі Акадэміі кіравання.

25 верасня на пасяджэнні Савета бяспекі Расіі было аб’яўлена аб абнаўленні ядзернай дактрыны РФ. Уладзімір Пуцін сярод іншага паведаміў, што Масква “пакідае за сабой права” прымяніць ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі. “З беларускім бокам, з прэзідэнтам Беларусі ўсе гэтыя пытанні ўзгоднены. У тым ліку калі супернік, выкарыстоўваючы звычайную зброю, стварае крытычную пагрозу нашаму суверэнітэту”, — сказаў прэзідэнт РФ.

Пасля Аляксандр Лукашэнка заявіў у каментары тэлеканалу “Расія 1”, што асабіста ўдзельнічаў у працэсе абнаўлення ядзернай дактрыны РФ.

Размешчаная ў Беларусі расійская тактычная ядзерная зброя (ТЯЗ) можа быць прыменена толькі з дазволу Крамля, вынікала з заяў Лукашэнкі 8 кастрычніка ў Маскве перад пасяджэннем Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД.

Пра тое, што ў выпадку нападу Украіны на Беларусь Лукашэнка зможа выкарыстаць расійскую ТЯЗ з дазволу Масквы, заявіў 6 кастрычніка ў сваім тэлеграм-канале намеснік кіраўніка Савета бяспекі РФ Дзмітрый Мядзведзеў.

“[У такой сітуацыі] у Аляксандра Рыгоравіча будзе поўная падстава звярнуцца да Расіі для выкарыстання размешчанага ў Беларусі ТЯО. І яму цяжка будзе адмовіць у задавальненні паглядзець на агеньчыкі ў Кіеве”, – адзначыў Мядзведзеў (захаваны аўтарскі стыль).

Падзяліцца: