Мінск 01:25

Суд па справе аб забойстве беларускі ў Варшаве пачнецца 4 снежня — СМІ

Акцыя памяці загінулай Лізаветы Герцэн (Варшава, 6 сакавіка 2024 года)
Фота: "Позірк"

24 кастрычніка, Позірк. Суд над Дарыянам С., абвінавачаным у забойстве беларускі Лізаветы Герцэн, пачнецца 4 снежня ў Акруговым судзе Варшавы. Яшчэ адно судовае паседжанне прызначанае на 16 снежня, паведамляе “Белсат”.

Большая частка суда будзе закрытая ў інтарэсах сваякоў. Прысуд можа быць абвешчаны публічна толькі ў частцы прадмета справы, прызнання вінаватым або невінаватым, прызначэння пакарання.

Абвінавачанаму пагражае ад 15 гадоў пазбаўлення волі да пажыццёвага зняволення.

7 жніўня прэс-сакратар Акруговай пракуратуры Пётр-Антоні Скіба паведаміў, што “атрымана экспертнае заключэнне ад псіхіятраў, псіхолага і сэксолага, у якім утрымліваецца выснова аб тым, што падазраваны з’яўляецца разумным і можа браць удзел у бягучым дасудовым разглядзе, а таксама ў судовых пасяджэннях”.

Пра тое, што пракуратура перакваліфікавала абвінавачванне 23-гадоваму Дарыяну С., які напаў 25 лютага ў цэнтры Варшавы на беларуску, якая пасля памерла, стала вядома 11 красавіка.

Першапачаткова ён быў абвінавачаны ў замаху на забойства, спалучаным з згвалтаваннем і рабаваннем, затым — у забойстве на сэксуальнай глебе і разбоі.

Паводле распаўсюджанай тады ў польскіх СМІ інфармацыі, раней у пракуратуры не было доказаў таго, што напад стаў непасрэднай прычынай смерці беларускі, але затым сабраная доказная база (у тым ліку вынікі ўскрыцця) дазволіла абвінаваціць С. у забойстве.

Згодна з версіяй следства, раніцай 25 лютага малады чалавек, пагражаючы Герцэн нажом, адцягнуў яе да брамы шматкватэрнага дома ў цэнтры польскай сталіцы, дзе згвалціў, душыў і жорстка збіў. Пасля гэтага ён пакінуў 25-гадовую ахвяру ў несвядомым стане, накіраваўся ў краму, а затым на трамваі вярнуўся ў здымную кватэру, дзе жыў з дзяўчынай.

С. арыштавалі ў той жа дзень на выхадзе з дому. Пры ператрусе ў кватэры былі выяўленыя вялікі кухонны нож і балаклава, якія, як мяркуе следства, былі пры ім падчас здзяйснення злачынства.

1 сакавіка Герцэн памерла ў бальніцы. Яе пахавалі 14 сакавіка на Паўночных камунальных могілках Варшавы.

Трагедыя выклікала вялікі грамадскі рэзананс як у Беларусі, так і ў Польшчы. Некалькі тысяч чалавек 6 сакавіка ўзялі ўдзел у вулічнай акцыі памяці загінулай у Варшаве.

Падзяліцца: