Мінск 02:24

Тэрмін дзеяння праграмы сямейнага капіталу працягнуты на чарговыя пяць гадоў

30 кастрычніка, Позірк. Аляксандр Лукашэнка прадоўжыў тэрмін дзеяння праграмы сямейнага капіталу на наступны пяцігадовы перыяд (з 2025 па 2029 год) з захаваннем дзеючых умоў для яго назначэння.

Адпаведны ўказ ён падпісаў 30 кастрычніка, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.

Дакумент пашырае магчымасці выкарыстання сродкаў сямейнага капіталу на паляпшэнне жыллёвых умоў.

У прыватнасці, даецца права іх датэрміновага выкарыстання пры будаўніцтве жылля незалежна ад наяўнасці накіравання мясцовага органа ўлады на такое будаўніцтва.

Пры гэтым не будуць улічвацца ў агульнай плошчы жылля, якое знаходзіцца ва ўласнасці сям’і, жылыя памяшканні, якія не адпавядаюць санітарным і тэхнічным патрабаванням.

Прадугледжваецца магчымасць датэрміновага выкарыстання сродкаў на набыццё долі (доляў) жылых памяшканняў, калі ў сям’і ўжо ёсць ва ўласнасці долі гэтых жылых памяшканняў.

Дазваляецца таксама датэрміновае выкарыстанне сямейнага капіталу на пагашэнне крэдытаў, выдадзеных на падставе дагавораў аб рэфінансаванні крэдытаў на ўзвядзенне, рэканструкцыю, набыццё жылых памяшканняў, долі (долей) у праве ўласнасці на іх.

Ва ўказе замацоўваюцца правы дзяцей (у тым ліку пры разводзе бацькоў) на жылыя памяшканні, пабудаваныя або набытыя з выкарыстаннем сродкаў сямейнага капіталу.

Устанаўліваецца магчымасць аплаты навучання за наступны навучальны год пры накіраванні сямейнага капіталу на атрыманне адукацыі (цяпер — за бягучы і папярэдні гады).

Акрамя таго, пашыраецца спіс сродкаў, прызначаных для сацыяльнай рэабілітацыі інвалідаў, якія можна набыць з выкарыстаннем сродкаў сямейнага капіталу.

Прадастаўляецца права на назначэнне сямейнага капіталу замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Беларусі, пры набыцці імі грамадзянства не пазней за адзін год з дня нараджэння (усынаўлення, удачарэння) трэцяга і наступных дзяцей.

Указ, як сцвярджаецца, прыняты “ў мэтах паляпшэння ўмоў жыццядзейнасці шматдзетных сем’яў і іх доўгатэрміновай дзяржаўнай падтрымкі”.

Аб запланаваных чарговых змяненнях па сямейным капітале паведаміла міністр працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка па выніках пасяджэння экспертнага савета пры Савеце Рэспублікі, дзе 4 кастрычніка разглядаўся праект адпаведнага ўказа.

На 1 верасня 2024 года сямейны капітал налічаны 140.512 шматдзетным сем’ям (годам раней — 129.974; прырост на 8,11%). На датэрміновае выкарыстанне сродкаў сямейнага капіталу было пададзена 88.485 заяў (75.376; 17,39%).

З пачатку бягучага года памер сямейнага капіталу павялічыўся на 5,1% — да 31.480 рублёў.

23 лютага Лукашэнка падпісаў указ № 69, які ўзмацніў жорсткасць умоваў яго датэрміновага выкарыстання.

Дакумент увёў дадатковыя ўмовы для накіравання сродкаў на паляпшэнне жыллёвых умоў: адсутнасць ва ўласнасці жылля агульнай плошчай 15 кв. м і больш на аднаго чалавека, у Мінску — 10 кв. м і больш, згоду на зняцце з уліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў пасля выкарыстання сродкаў на названыя мэты.

Устаноўлена забарона на адчужэнне набытых з выкарыстаннем сродкаў сямейнага капіталу жылых памяшканняў, права ўласнасці на якія зарэгістравана да 2022 года, на працягу пяці гадоў з даты рэгістрацыі права ўласнасці.

У адпаведнасці з указам аказанне медпаслуг за кошт сямейнага капіталу магчымае толькі дзяржустановамі аховы здароўя і пры паэтапным пералічэнні сродкаў на гэтыя мэты (да 50% — пры заключэнні дагавора, канчатковы разлік — пасля атрымання медыцынскай паслугі).

У сярэдзіне кастрычніка 2023 года ўлады зрабілі больш жорсткімі ўмовы выкарыстання сямейнага капіталу на навучанне. Міністэрства адукацыі вызначыла, што “памер сродкаў сямейнага капіталу, якія штогод выкарыстоўваюцца, не можа перавышаць кошту навучання за бягучы і (або) папярэдні навучальны год, у тым ліку для пагашэння існуючай запазычанасці за навучанне”. Раней падобных абмежаванняў не было.

Сямейны капітал прызначаецца сем’ям пры нараджэнні (усынаўленні, удачарэнні) трэцяга і наступных дзяцей. Праграма сямейнага капіталу працуе з 2015 года. З 2020 года з’явілася магчымасць скарыстаць сродкі датэрмінова.

Падзяліцца: