Мінск 15:25

За тыдзень у Беларусь уехала 2,5 тыс. грамадзян Украіны — Дзяржпагранкамітэт

Крыніца: visitukraine.today

1 лістапада, Позірк. За мінулы тыдзень (з 6:00 25 кастрычніка да 6:00 1 лістапада) у Беларусь заехала 2.506 грамадзян Украіны (тыднем раней — 2.677), вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу звестак Дзяржаўнага пагранічнага камітэта (ДПК).

Непасрэдна праз украінска-беларускую мяжу за гэты перыяд не прайшоў ніхто (тыднем раней — адзін чалавек), транзітам праз Польшчу — 2.019 (2.159), Літву — 454 (472), Латвію — 33 (45).

З пачатку года ў Беларусь заехала 114.784 грамадзяніна Украіны: з тэрыторыі Украіны — 50, транзітам праз Польшчу — 91.380, праз Літву — 21.658, праз Латвію — 1.696.

Усяго з 24 лютага 2022 года, калі пачалося поўнамаштабнае ўварванне расійскіх войскаў у суседнюю краіну, у Беларусь прыбыло 261.276 грамадзян Украіны: праз украінска-беларускую мяжу — 15.968, транзітам праз Польшчу — 189.168, праз Літву — 49.908, праз Латвію — 6.232.

“Дзяржпагранкамітэт Беларусі займаецца несумленнай падачай лічбаў і чыстай вады маніпуляцыяй”, — заявіў у інтэрв’ю “Позірку” сёлета ў лютым амбасадар па асаблівых даручэннях МЗС Украіны па Беларусі Ігар Кізім. Паводле яго слоў, гаворку трэба весці пра звычайныя паездкі грамадзян Украіны ў Беларусь.

Дыпламат адзначыў, што ў адкрытых крыніцах звестак аб колькасці ўкраінцаў, якія выехалі з Беларусі, не знайсці. “Сумленным і прыстойным з боку ДПК было б даваць гэтую статыстыку”, — лічыць ён.

“Насамрэч гаворка ідзе не пра транзітных уцекачоў ці людзей, якія заехалі ў Беларусь, каб папрасіць прытулак. Гэта, як і раней, простыя паездкі ўкраінскіх грамадзян”, — адзначыў Кізім.

Паводле звестак ААН на 15 кастрычніка, у свеце было зафіксавана 6,75 млн украінскіх уцекачоў, з іх 6,191 млн — у Еўропе.

Падзяліцца: