Мінск 02:59

Галоўчанка анансаваў зніжэнне тарыфаў на роумінг паміж Беларуссю і РФ

5 лістапада, Позірк. Увесну 2025 года для абанентаў Саюзнай дзяржавы (СД) будуць зніжаныя міжаператарскія тарыфы на паслугі мабільнай сувязі, заявіў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка па выніках пасяджэння Савета міністраў СД, якое прайшло ў Мінску 5 лістапада.

Паводле слоў чыноўніка, відэа выступу якога апублікавала прэс-служба ўрада, зніжэнне тарыфаў прадугледжана праектам рашэння Вышэйшага дзяржаўнага савета СД, пасяджэнне якога чакаецца ў снежні.

Галоўчанка ўдакладніў, што дакумент прадугледжвае “ўстанаўленне зніжаных міжаператарскіх тарыфаў і забеспячэнне з 1 сакавіка 2025 года беларускіх і расійскіх абанентаў паслугамі сувязі па тарыфах, супастаўных з ужыванымі ў так званай хатняй сетцы, у аб’ёме не менш за 300 хвілін бясплатных уваходных галасавых выклікаў і не менш за 5 гігабайт перадачы даных у месяц”.

Увядзенне зніжаных тарыфаў, паводле сцвярджэння прэм’ера, “дазволіць грамадзянам на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы карыстацца на камфортных умовах яшчэ большым аб’ёмам галасавых паслуг і ўпершыню значным аб’ёмам перадачы даных”.

Ён звярнуў увагу, што “і тэхнічна, і эканамічна гэта не такое простае рашэнне, але такое было даручэнне кіраўнікоў дзяржаў, і яно выканана”.

Рэзалюцыя аб адмене роўмінгу была прынятая 30 чэрвеня 2017 года. З тых часоў прадстаўнікі абедзвюх дзяржаў рэгулярна заяўляюць аб непазбежнай рэалізацыі праекта, але гэтага не адбылося дагэтуль.

У 2023 годзе расійскі бок паведамляў пра намер краін адмяніць роўмінг з 1 красавіка, але ў той дзень была адменена толькі аплата ўваходных званкоў.

Аб планаванай адмене роўмінгу на тэрыторыі СД заявіў Уладзімір Пуцін 24 траўня гэтага года пасля перамоваў у Мінску з Лукашэнкам.

28 чэрвеня віцэ-прэм’ер урада РФ Дзмітрый Чарнышэнка паведаміў, што роўмінг паміж РФ і Беларуссю будзе адменены да канца года.

5 жніўня праблема абмяркоўвалася на сустрэчы амбасадара Беларусі ў РФ Аляксандра Рагожніка і дзяржсакратара СД Дзмітрыя Мезенцава.

Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Круты 27 верасня заявіў, што на маючым адбыцца ў канцы года пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета СД працэс адмены роўмінгу можа быць запушчаны.

Сітуацыю з роўмінгам ён назваў “тэмай, якая перацякае з пасяджэння ў пасяджэнне”.

“Тым не менш дасягнутая прынцыповая дамоўленасць, што лідары нашых краін на юбілейным пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета дадуць старт гэтаму праекту. Можа быць, у пілотным рэжыме, можа, у паўнавартасным рэжыме мы ўжо запусцім яго. Гэта дакладна, Гэта безапеляцыйна, практычна 100%”, — сказаў Круты.

Падзяліцца: