Мінск 19:49

На думку Лукашэнкі, Беларусі абрала “самастойны шлях” толькі ў XXI стагоддзі

Скрыншот віншавання
Крыніца: сайт Лукашэнкі

7 лістапада, Позірк. “Выбраўшы ў XXI стагоддзі самастойны шлях, мы захоўваем вечныя арыенціры савецкай эпохі: ад ідэалаў сацыяльнай роўнасці і гуманізму да каштоўнасцяў міру і дружбы народаў”, — гаворыцца ў віншаванні Аляксандра Лукашэнкі “з Днём Кастрычніцкай рэвалюцыі” (7 лістапада адзначаецца 107-я гадавіна).

“Захоўваючы дасягнутае папярэднікамі, натхняючыся іх подзвігамі, упэўнена пішам новую старонку ў тысячагадовым летапісе беларускага народа”, — заявіў аўтар паслання.

На яго думку, “падзеі восені 1917 года прымусілі свет пачуць голас народа, які смела і адкрыта заявіў аб сваёй шматвяковай мары”, а “абвяшчэнне аб стварэнні Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі” (31 снежня 1918 года. — “Позірк”.) стала “сапраўды ўрачыстасцю гістарычнай справядлівасці”.

Адрасатаў віншавання Лукашэнка назваў “дарагімі таварышамі”, тады як год таму — “дарагімі суайчыннікамі”, два гады таму — “дарагімі суайчыннікамі” і “дарагімі беларусамі”.

Незалежнасць Беларусь атрымала ў 1991 годзе (канец ХХ стагоддзя).

Цытаты з віншаванняў мінулых гадоў:

2023 год — “І сёння пераважная большасць насельніцтва Зямлі імкнецца да сацыяльнай справядлівасці, але многія краіны да гэтага часу сутыкаюцца з сучаснымі формамі эксплуатацыі і прыгнёту, культурнай экспансіяй, эканамічнымі санкцыямі і палітычным шантажом”.

2022 год — “Савецкі праект Саюза Сацыялістычных Рэспублік, заснаваны на раўнапраўі нацый, павазе іх культур і традыцый, і сёння з’яўляецца маяком для краін, якія імкнуцца жыць у свеце і ствараць дзеля агульнага дабра”.

2021 год — “На змену ідэалогіі капіталізму прыйшлі прынцыпы сацыяльнай справядлівасці, роўнасці правоў і магчымасцяў. Пачалася новая эпоха, у якую беларускі народ увайшоў у статусе палітычнай нацыі, якая ўпершыню стварыла на роднай зямлі нацыянальную дзяржаву”.

***

Як дзяржаўнае свята гадавіна Кастрычніцкай рэвалюцыі адзначаецца толькі ў Беларусі і самаабвешчанай Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспубліцы.

Падзяліцца: