Мінск 05:56

Ціханоўская прыбыла ў Германію для ўдзелу ў мерапрыемствах, прысвечаных 35-годдзю падзення Берлінскай сцяны (дапоўнена)

Дададзеныя абзацы 5–7.

Калаж: старонка Святланы Ціханоўскай у Х

8 лістапада, Позірк. Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 9 лістапада возьме ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных 35-годдзю падзення Берлінскай сцяны.

Пра прыбыццё ў Берлін палітык паведаміла на сваёй старонцы ў сацсетцы Х.

Падзенне сцяны яна назвала “важнай вяхой у барацьбе за свабоду ў Еўропе”.

“З нецярпеннем чакаю сустрэчы з палітыкамі, актывістамі і прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі”, — адзначыла Ціханоўская.

Як паведаміў “Позірку” галоўны дарадца дэмлідара Франак Вячорка, частка мерапрыемстваў у гонар 35-годдзя падзення Берлінскай сцяны пройдзе 8 лістапада, у тым ліку з удзелам мэра сталіцы Германіі Кая Вегнера.

Асноўнае мерапрыемства запланавана на 9 лістапада каля мемарыяла Берлінскай сцяны. У ім будзе ўдзельнічаць прэзідэнт Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер.

Падчас візіту ў Берлін Ціханоўская дасць інтэрв’ю замежным СМІ, у тым ліку тэлеканалу Euronews.

Берлінская сцяна — назва комплексу інжынерна-тэхнічных збудаванняў і ўмацаванняў з абсталяванай забароненай зонай, збудаваных камуністычнымі ўладамі ГДР па ўказанні кіраўніцтва СССР вакол дэмакратычнага Заходняга Берліна па лініі размежавання. Існавала з 13 жніўня 1961 года па 9 лістапада 1989 года. Разбурэнне сцяны стала сімвалам аб’яднання Германіі і дэмакратызацыі Еўропы.

Падзяліцца: