Мінск 01:32

Беларуская і кыргызская статыстыка аб’ёму двухбаковага гандлю адрозніваецца ў два разы

Кыргызстан
Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

28 лістапада, Позірк. Аб’ём тавараабароту паміж Кыргызстанам і Беларуссю за дзевяць месяцаў 2024 года склаў 68 млн долараў. Пра гэта, паводле інфармацыі kabar.kg, “паведамілі падчас пасяджэння кыргызска-беларускай міжурадавай камісіі ў Бішкеку” 28 лістапада.

Адзначаецца, што бакі дамовіліся аб “неабходнасці актывізацыі працы дзяржаўных органаў дзвюх краін для дасягнення паказчыка тавараабароту ў 500 млн долараў ЗША ў найбліжэйшыя тры гады”.

У той жа час намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Сівак, які ўзначальвае беларускую дэлегацыю, заявіў, што “за дзевяць месяцаў бягучага года тавараабарот Беларусі і Кыргызстана вырас на 14,1% і складае амаль 135 млн даляраў”.

Такім чынам, статыстыка бакоў адрозніваецца ў два разы.

Паводле распаўсюджанага відэафрагмента выступу чыноўніка, ён таксама адзначыў, што згодна беларускай статыстыцы аб’ём двухбаковага гандлю паміж краінамі ў 2023 годзе “склаў больш за 160 млн даляраў, павялічыўшыся ў параўнанні з 2022 годам амаль на 1%”.

У канцы жніўня 2023 года дзяржаўныя СМІ паведамлялі, што па выніках 2022 года тавараабарот паміж Беларуссю і Кыргызстанам перавысіў 160 млн долараў.

Паводлк даных МЗС, тавараабарот Беларусі з Кыргызстанам у 2021 годзе склаў 97,1 млн долараў (беларускі экспарт — 86,2 млн).

Падчас пасяджэння камісіі банкі развіцця дзвюх краін падпісалі базавую дамову аб агульных умовах прадастаўлення экспартных крэдытаў, паведамляе беларускі фінансавы інстытут.

У Кыргызстане 5 верасня змяніліся правілы рэгістрацыі грамадзян краін, якія карыстаюцца правам бязвізавага знаходжання, у тым ліку беларусаў. Раней грамадзяне Беларусі рэгістраваліся на паўгода “з правам далейшага падаўжэння ў залежнасці ад мэты знаходжання”.

У адпаведнасці з новымі правіламі рэгістрацыя або падаўжэнне рэгістрацыі магчымыя толькі на падставе аднаго з дакументаў, якія даюць права на знаходжанне ў Кыргызстане, напрыклад дазволу на жыхарства.

Афіцыйны Мінск ігнаруе запыты кыргызскай Генпракуратуры аб выдачы былога прэзідэнта краіны Курманбека Бакіева, які атрымаў палітычны прытулак у Беларусі ў 2010 годзе, завочна асуджанага на радзіме ўжо на некалькі доўгіх тэрмінаў пазбаўлення волі па справах, звязаных у тым ліку з карупцыяй.

Падзяліцца: