Мінск 12:45

Літва затрымала найбуйнейшую сёлета партыю кантрабандных беларускіх цыгарэт, якія перавозіліся па чыгунцы

Фота: lrmuitine.lt

6 снежня, Позірк. Літоўскія мытнікі завяршылі аналіз найбуйнейшай партыі кантрабандных беларускіх цыгарэт, канфіскаваных сёлета на чыгунцы, паведамляе прэс-служба ведамства.

Адзначаецца, што незаконны тавар быў выяўлены 28 лістапада на станцыі Кібартай (Марыямпальскі павет) у цягніку, які рухаўся з Калінінградскай вобласці РФ.

“У столях двух вагонаў было знойдзена 112 тыс. пачкаў цыгарэт марак NZ Gold, “Мінск Капітал” і “Мінск Капітал QS”. Іх агульны кошт, уключаючы абавязковыя падаткі, складае 503 тыс. еўра”, — гаворыцца ў паведамленні.

Распачатае дасудовае расследаванне па факце кантрабанды.

Усяго сёлета ў Літве распачатыя 22 дасудовыя расследаванні па фактах кантрабанды цыгарэт чыгуначным транспартам. За 11 месяцаў 2024 года ў цягніках выяўлена 301.743 пачкі цыгарэт на суму 1,32 млн еўра.

“Часцей за ўсё нелегальныя цыгарэты ўвозіліся з Беларусі ў схованках, зробленых у грузах будаўнічых матэрыялаў (жвір, друз, цэмент)”, — падкрэсліваецца ў рэлізе.

У 2024 годзе перахоплена 52 беспілотныя лятальныя апараты, якія спрабавалі правезці кантрабандныя цыгарэты ў Літву з Беларусі, паведаміла 5 снежня Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы (САДМ).

12 лістапада партал Delfi са спасылкай на мясцовае МУС паведаміў, што з пачатку студзеня да сярэдзіны кастрычніка 2024 года ў Літве быў зафіксаваны 791 метэазонд з кантрабанднымі грузамі з Беларусі, іх стала больш з другой паловы жніўня.

САДМ прыводзіў адрозную ад МУС статыстыку перахопленых метэазондаў: з пачатку года ў Літву з Беларусі заляцеў 351 метэаралагічны шар (перахоплена 138). Пры гэтым за ўвесь 2022 год не было зафіксавана ніводнага выпадку кантрабанды з Беларусі такім спосабам, а ў 2023-м зафіксаваныя тры спробы.

Падзяліцца: