Мінск 06:41

У спіс “экстрэмістаў” дададзена 33 чалавекі

13 снежня, Позірк. У пералік “асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці” 13 снежня дададзена яшчэ 33 чалавекі (адзін з пазнакай пра ўключэнне 6 снежня).

Цяпер у дакуменце, апублікаваным на сайце Міністэрства ўнутраных спраў, 4.766 пазіцый.

Усе ўнесеныя ў абноўлены спіс асобы асуджаныя па крымінальных артыкулах, якія ўлады выкарыстоўваюць для палітычнага пераследу.

У спіс уключаны прызнаныя палітвязнямі 7 чалавек: Уладзіслаў Наварыч, Данііл Гарасім, Ян Карліёнаў, Кірыл Вевель, Кацярына Мендрык, Аксана Ляпко і Максім Хвашчынскі.

З пазнакай “Адбывае пакаранне” ў спіс уключаныя Аляксандр Валацко, Уладзімір Сітковіч, Дзмітрый Жлоба, Вадзім Пашкоўскі, Уладзіслаў Бабінец, Дзмітрый Зырко, Алена Мохарава, Дзмітрый Сідарэнка, Міхаіл Герасімчук, Вікторыя Верас, Вадзім Саранчукоў, Ірына Стасенка, а таксама, па невядомай прычыне, завочна асуджаны 21 лістапада Ежы Грыгенча, які знаходзіцца за межамі Беларусі (быў даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты Ганны Канапацкай на выбарах 2020 года).

Таксама ў спісе Вячаслаў Ляхаў, Павел Якаўлеў, Ігар Скачко, Ірына Пратазанава-Куніцкая, Марк Куніцкі, Павел Цяпліцкі, Дзмітрый Пікуля, Цімафей Рудніцкі, Мікалай Кустоўскі, Андрэй і Аксана Салавей, Кацярына Труханава і Наталля Каралько, чыя судзімасць не знятая. Як правіла, такая фармулёўка сведчыць пра вынясенне прысуду, не звязанага з пазбаўленнем волі.

Згодна з ч. 3 і 4 арт. 18 закона “Аб супрацьдзеянні экстрэмізму”, грамадзянам, у дачыненні якіх ёсць прысуд, што ўступіў у моц, да пагашэння або зняцця судзімасці і на працягу пяці гадоў пасля гэтага, забараняецца займацца дзейнасцю, звязанай з абаротам наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў, зброі і боепрыпасаў, выбуховых рэчываў, педагагічнай і выдавецкай дзейнасцю, займаць дзяржаўныя пасады, праходзіць вайсковую службу.

Фінансавыя аперацыі грамадзян, унесеных у спіс “экстрэмістаў”, падлягаюць асабліваму кантролю.

Падзяліцца: