Мінск 07:44

Султан Амана паабяцаў наведаць Беларусь у 2025 годзе, заяўляе Лукашэнка

16 снежня, Позірк. Мінск і Маскат створаць “міжўрадавую камісію або камітэт” і выпрацуюць дарожную карту па двухбаковвй супрацы, заявіў Аляксандр Лукашэнка 16 кастрычніка перад сустрэчай з султанам Амана Хайсамам бен Тарэкам аль Саідам.

Паводле слоў беларускага візіцёра, якія прыводзіць яго прэс-служба, на праведзеных напярэдадні перагаворах з аманскім кіраўніком па супрацы дзвюх краін “вызначыліся стратэгічна”. Новая сустрэча, сказаў ён, прысвечана абмеркаванню “канкрэтных праграм і праектаў”, што “ўжо напрацаваны”.

“Налета султан паабяцаў прыехаць у Беларусь. І да таго часу мы выпрацуем дарожную карту. І не толькі будзем чакаць яе зацвярджэння, але і сёе-тое зробім практычна”, — заявіў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, султан Амана “прапанаваў стратэгічныя напрамкі супрацы”.

“Для нас вельмі важна, каб мы вызначылі пункт, — адзначыў спікер. — Порт, можа, яшчэ нешта будзем глядзець. І адтуль пайшлі нашыя тэхналогіі, што ў Амане патрэбныя. Таму мы будзем на беларускіх тэхналогіях ствараць тут сумесныя прадпрыемствы і будзем рухацца на захад, на ўсход, на поўнач адсюль з Індыйскага акіяна, прадаючы свае тавары”.

“Вельмі добрую прапанову ўнёс султан — стварыць тут хаб, такі цэнтр беларускіх тавараў. І я ўчора яму сапраўды сказаў, што вырабляць мы навучыліся шмат чаго. Гандляваць — яшчэ не вельмі. Ну а яны спрадвеку [умеюць гандляваць]. І ў гэтым плане паабяцалі нам аказаць дапамогу. Словам, закрытых тэм наогул не было. Цікавасць вялізная ў Амана да Беларусі. Мы, напэўна, не вельмі актыўнічалі тут”, — дадаў Лукашэнка.

Госць падкрэсліў, што Беларусь гатовая спачатку проста гандляваць, а пасля ствараць у Амане сумесныя прадпрыемствы, “пашыраць тут вытворчасць і разам гандляваць на гэтым шляху”.

“Гэта тычыцца вельмі многіх прадуктаў, тавараў. Мы пра гэта публічна не кажам праз пэўныя прычыны”, — заявіў ён, не ўдакладніўшы, што гэта за тавары. Яго рэмарка пра непублічнасць дае падставу меркаваць, што гаворка можа быць пра тавары падвойнага прызначэння, падсанкцыйныя тавары.

Лукашэнка знаходзіцца ў Амане з 14 снежня.

Падзяліцца: