Мінск 16:03

Працэнты па выдадзеных цэментным заводам крэдытах “Беларусбанка” пагасяць з бюджэту

Ілюстрацыйнае фота: сайт холдынгу "Беларуская цэментная кампанія"

24 снежня, Позірк. Працэнты па крэдытах “Беларусбанка”, выдадзеных “Беларускаму цэментнаму заводу” і “Крычаўцэментнашыферу”, пагасяць з рэспубліканскага бюджэту, вынікае з пастановы Савета міністраў № 996 ад 20 снежня.

У дакуменце, апублікаваным 24 снежня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, вызначана, што даўгі будуць выплачвацца ў 2025 годзе за кошт сродкаў, прадугледжаных на “іншыя пытанні ў галіне прамысловасці, будаўніцтва і архітэктуры, у рамках выдаткаў, вызначаных у бюджэце на пазначаны фінансавы год на гэтыя мэты”.

Працэнты па рублёвых запазычаннях вызначаныя ў памеры “стаўкі па крэдыце, але не больш за 100% стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка, якая склалася з улікам яе змянення ў перыяд налічэння працэнтаў”; у доларах і еўра — у памеры “стаўкі па крэдыце, але не больш за 7% гадавых з выплатай у беларускіх рублях паводле афіцыйнага курсу Нацыянальнага банка, вызначанага на дату выплаты”.

Сумы крэдытаў “Беларускага цэментнага завода” складаюць 30,75 млн долараў (асноўны доўг на 1 лістапада — 4,621 млн) і 9,23 млн рублёў (8,534 млн); “Крычаўцэментнашыфера” — 65,448 млн долараў (57,243 млн) і 35,4 млн рублёў (32,17 млн).

У 2023 годзе дзяржава падтрымала першы завод на 7 млн 587 тыс 311,7 рубля, другі — на 20 млн 340 тыс. 295,23 рублёў.

5 снежня 2023 года ЗША увялі новыя санкцыі супраць беларускіх юрыдычных асоб. У спіс трапіў у тым ліку холдынг “Беларуская цэментная кампанія”, у які ўваходзяць згаданыя прадпрыемствы.

Падзяліцца: