Мінск 04:06

Урад у чарговы раз падоўжыў рэгуляванне цэн у сельскай гаспадарцы

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

28 снежня, Позірк. Палажэнне пра “максімальныя надбаўкі імпарцёраў і гранічныя максімальныя аптовыя надбаўкі да адпускной цаны вытворцы (імпарцёра)” на сельгастэхніку, кармавыя дадаткі, ветэрынарныя прэпараты і насенне падоўжанае да канца 2025 года пастановай Савета міністраў “Аб часовым рэгуляванні цэн” № 1012 ад 26 снежня.

Апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале дакумент набудзе моц 30 снежня.

Папярэдняя пастанова № 985 была прынятая 29 снежня 2023 года — з тэрмінам дзеяння да канца 2024-га. Да канца 2023 года дзейнічала пастанова № 114 з аналагічным зместам.

Згодна з дакументам, надбаўкі абмяжоўваюцца для суб’ектаў, што вядуць дзейнасць “у галіне аграпрамысловай вытворчасці” на транспартныя сродкі, машыны, абсталяванне, запчасткі, вузлы і агрэгаты да іх (агулам 46 відаў тэхнікі і абсталявання); сродкі аховы раслін, кармавыя дадаткі, ветэрынарныя прэпараты для сельскагаспадарчых жывёл, насенне сельскагаспадарчых раслін (за выключэннем прызначаных для рознічнага гандлю ў спажывецкай упакоўцы, насення дэкаратыўных і кветкавых раслін); шрот (жмых) сланечнікавы, соевы, рапсавы, прызначаны для рэалізацыі на кармавыя мэты або вытворчасці камбікармоў суб’ектам, што ажыццяўляюць дзейнасць у галіне аграпрамысловай вытворчасці.

Пастановай вызначаюцца гранічныя максімальныя надбаўкі імпарцёраў у памеры 25%, адпускных аптовых цэн у памеры 20%, а таксама гранічны максімальны нарматыў рэнтабельнасці не больш як 20%.

Асобна адзначаецца, што кантрактныя цэны на імпартаваныя тавары “павінны быць абгрунтаваныя”. Пры гэтым абгрунтаванне “мусіць грунтавацца на выніках вывучэння кан’юнктуры рынку (з пазначэннем крытэрыяў выбару тавару), камерцыйных і (або) фінансавых умовах пастаўкі тавараў”.

Пастанова з’явілася на падставе ўказа Аляксандра Лукашэнкі “Аб прыняцці мер у галіне цэнаўтварэння” (13 чэрвеня 2023 года; № 171), які, паводле сцвярджэння прэс-службы палітыка, быў “скіраваны на забеспячэнне агульных падыходаў у галіне цэнаўтварэння і ўсталяванне найбольш празрыстага механізму фармавання экспартных цэн на асобныя тавары”.

Гэтаму папярэднічала пастрожанне сістэмы дзяржаўнага рэгулявання цэн. Ініцыятарам гэтага працэсу выступіў Лукашэнка, які 6 кастрычніка 2022 года падпісаў дырэктыву № 10 “Аб недапушчальнасці росту цэн”.

19 кастрычніка таго ж года ўрад пастановай № 713 увёў рэгуляванне цэн на тавары ўсяго спажывецкага кошыка. Пазней з яго былі выключаныя некаторыя групы тавараў, падкарэктаваныя правілы рэгулявання цэн.

Пастанова № 713 можа быць скасаваная “ў недалёкай будучыні”, заявіў першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў на пасяджэнні Савета па развіцці прадпрымальніцтва пры ўрадзе 31 кастрычніка 2024 года.

Падзяліцца: