Мінск 17:08

29 палітвязняў з’яўляюцца шматдзетнымі бацькамі — “Вясна”

Фота: "Радыё Свабода"

29 снежня, Позірк. Сітуацыя з палітвязнямі ў Беларусі застаецца на “стабільна крытычным узроўні”, яны “ўтрымліваюцца ў жудасных умовах без магчымасці атрымання якаснай і своечасовай медыцынскай дапамогі, падвяргаюцца катаванням і збіццю”, “месяцамі” не маюць “сувязі са знешнім светам”. Пра гэта гаворыцца ў выніковым статыстычным аглядзе праваабарончага цэнтра “Вясна“ за 2024 год.

На 29 снежня, паводле звестак праваабаронцаў, у Беларусі налічваецца 1.265 палітвязняў (1.097 мужчын і 168 жанчын).

Не менш за 224 чалавекі “знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы”, адзначаецца ў публікацыі. 104 палітвязні маюць “цяжкі стан фізічнага здароўя”, 11 — інваліднасць, 16 — ментальныя разлады.

46 палітвязняў старэйшыя за 60 гадоў, 29 з’яўляюцца шматдзетнымі бацькамі.

У няволі ўтрымліваюцца 175 культурных дзеячаў, 45 прадстаўнікоў СМІ, больш за 30 ІТ-спецыялістаў, 20 вайскоўцаў, 17 урачоў, 10 святароў і вернікаў, сем адвакатаў, шэсць праваабаронцаў.

“Сярод сённяшніх палітвязняў налічваецца мінімум 30 сем’яў, за апошнія некалькі гадоў гэта максімальная колькасць сем’яў за кратамі. У зняволенні апынуліся браты і сёстры, бацькі і дзеці, сужэнцы”, — падкрэсліваецца ў аглядзе.

У інфармацыйнай ізаляцыі (інкамунікада) знаходзіцца не менш за дзевяць чалавек: Сяргей Ціханоўскі, Ігар Лосік, Віктар Бабарыка, Максім Знак, Мікалай Статкевіч, Мікалай Банькоў, Аляксандр Францкевіч, Андрэй Навіцкі і Уладзімір Кніга.

Праваабаронцы звяртаюць увагу, што ў рэжыме інкамунікада Марыя Калеснікава правяла больш за 600 дзён, пакуль у лістападзе 2024 года ёй не дазволілі сустрэцца з бацькам.

З 2020 года мінімум 95 палітвязняў пераведзеныя на турэмны рэжым адбыцця пакарання, супраць 66 распачатыя новыя крымінальныя справы паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы).

З чэрвеня 2024 года Аляксандр Лукашэнка памілаваў 227 палітвязняў. Пяць чалавек — грамадзяне Украіны — выйшлі на волю ў рамках абмену ваеннапалоннымі паміж Кіевам і Масквой. Гэта палітвязняволеныя Наталля Захаранка, Павел Купрыенка, Людміла Ганчарэнка, Кацярына Бруханава, а таксама фігурант справы аб “дыверсіі ў Мачулішчах” Мікалай Швец.

У 2024 годзе палітвязнямі прызнана 589 чалавек.

Паводле звестак праваабаронцаў, з 2020 года цалкам адбылі пакаранне і выйшлі на волю не менш за 1.385 палітвязняў. За 2024-ы колькасць вызваленых павялічылася ўдвая.

У аглядзе гаворыцца пра “палітвязняў, чыё сэрца спынілася за кратамі”.

У 2024 годзе памерлі за кратамі Вадзім Храсько, Ігар Леднік, Аляксандр Кулініч, Дзмітрый Шлетгаўэр.

Усяго з 2021 года ў няволі памерла сем палітвязняў. Раней сышлі з жыцця Вітольд Ашурак, Мікалай Клімовіч і Алесь Пушкін.

Падзяліцца: