Мінск 11:52

Лукашэнка дапускае запрашэнне на выбары заходніх назіральнікаў, адмаўляе наяўнасць палітвязняў

Фота: прэс-служба Лукашэнкі

3 студзеня, Позірк. Аляксандр Лукашэнка дапускае запрашэнне на прэзідэнцкія выбары заходніх назіральнікаў, вынікае з паведамленняў дзяржСМІ.

“Трэба з Цэнтральнай [выбарчай] камісіяй яшчэ раз сустрэцца і вызначыцца, ці будзем мы запрашаць гэтых замежнікаў на выбары. Усе кажуць: “Ды не трэба, яны ясна што скажуць”. Не ведаю. Думаю, ёсць і іншы пункт гледжання. Прыедуць — хай едуць гэтыя ўсе заходнікі. Не прыедуць — значыць, не прыедуць, гэта іх права“, — заявіў ён на сустрэчы са сваімі даверанымі асобамі.

“Людзі, якія прыедуць, — усё ж такі нешта чалавечае ж у іх ёсць. Яны ж будуць бачыць рэальную карціну ў Беларусі. Так, у іх гэта шоў. У нас няма, у нас выбары — сур’ёзнае мерапрыемства“, — сказаў Лукашэнка, які на гэтай жа нарадзе даў распараджэнне правесці выбары “як свята”.

У прыклад ён прывёў замах на Дональда Трампа падчас перадвыбарнай кампаніі ў ЗША летась: “Нам амерыканскае шоу, дзе страляюць у вуха або ў галаву, не трэба. Нам трэба, каб гэтыя выбары годна прайшлі і мы не падстаўляліся лішні раз пад крытыку“.

Ён таксама пракаментаваў заклікі дэмакратычных сіл галасаваць супраць усіх: “Вядома, нашы збеглыя ўжо напаткалі Захад. Вы і самі бачыце іх палітыку: “Галасуем супраць усіх” (Лукашэнка выступаў па-руску, гэтую фразу тут і далей сказаў па-беларуску, што звычайна робіць, калі зняважліва гаворыць пра нацыіянальна арыентаваную апазіцыю. — “Позірк”.). Яшчэ галасаванне не пачалося, можа, хтосьці здымецца з гэтай дыстанцыі і гэтак далей, а ўжо “супраць усіх“. Яшчэ не пачулі, пра што гэтыя кандыдаты будуць казаць, не — “супраць усіх“. Але гэта іх справа, іх права заяўляць. З-за мяжы лёгка вякаць. Трэба прыязджаць сюды і ўдзельнічаць у выбарах”.

Пры гэтым Лукашэнка выступіў са сцверджаннем: “Ніякага здзеку, ніякіх палітвязняў у нас няма. Не збіраюся я там як прэзідэнт ціснуць на кагосьці”.

Прамоўца заявіў, што нібыта ў яго не будзе часу на агітацыю ў сувязі з занятасцю.

“Галоўнае ўсё ж такі тут не агітацыя (што тут агітаваць за прэзідэнта, яго бачаць кожны дзень), галоўнае — гэта атрымаць зваротную сувязь“, — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.

Сёмая прэзідэнцкая кампанія (асноўны дзень галасавання прызначаны на 26 студзеня 2025 года) адбываецца пад поўным кантролем уладаў, палітычнае поле краіны зачышчана ад актыўных апанентаў Лукашэнкі. Прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл за мяжой называюць тое, што адбываецца “спецаперацыяй па ўтрыманні ўлады”, праваабаронцы паказваюць на імітацыю канкурэнцыі.

23 снежня ЦВК абвясціў, што за вылучэнне Лукашэнкі сабрана больш за 2,5 млн подпісаў, лідара праўладнай Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алега Гайдукевіча — больш за 134 тыс., старшыні Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці Сяргея Сыранкова — 126 тыс., былога сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, дэпутата Палаты прадстаўнікоў у 2016-2019 гадах, удзельніцу выбарчай кампаніі 2020 года Ганны Канапацкай — 121 тыс., кіраўніка Камуністычнай партыі Беларусі Аляксандра Хіжняка — 113 тыс.

Усе яны зарэгістраваныя ў якасці кандыдатаў на пасаду прэзідэнта.

1 студзеня афіцыйна пачаўся перыяд агітацыі.

З 1996 года ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнаная незалежнымі назіральнікамі транспарэнтнай і адпаведнай дэмакратычным стандартам.

На прэзідэнцкія выбары-2020 назіральнікі АБСЕ не прыехалі з-за позняга запрашэння, на наступныя выбарчыя кампаніі іх не запрашалі ўвогуле.

Падзяліцца: