Мінск 12:13

Суд у Кіеве прыгаварыў мясцовага жыхара да 15 гадоў зняволення за здраду дзяржаве — супрацоўнічаў са спецслужбамі Беларусі і РФ

Архіўнае фота: СБУ

24 верасня, Позірк. Суд у Кіеве прыгаварыў 49-гадовага мясцовага жыхара да 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці паводле ч. 2 арт. 111 КК Украіны (здрада дзяржаве, здзейсненая ва ўмовах ваеннага становішча), паведамляе Офіс генеральнага пракурора гэтай краіны.

Згодна з інфармацыяй ведамства, кіяўлянін супрацоўнічаў з прадстаўнікамі беларускіх і расійскіх спецыяльных службаў — з кастрычніка 2025 года перадаваў ім выведніцкія даныя пра месцы размяшчэння Сіл абароны і аб’екты крытычнай інфраструктуры ўкраінскай сталіцы. Мужчына, як адзначаецца, трапіў у поле зроку спецслужбаў летась у траўні пасля публікацыі пракрамлёўскіх каментарыяў у тэлеграм-каналах.

Заяўлена, што фігурант здымаў перыметр кіеўскай ЦЭЦ на камеру мабільнага тэлефона з акна ўласнай кватэры. Пасля расійскіх абстрэлаў ён праводзіў дадатковую выведку каля аб’екта, каб высветліць яго тэхнічны стан і наступствы ўдараў, гаворыцца ў паведамленні.

Мужчына таксама фатаграфаваў месцы размяшчэння ўкраінскіх вайскоўцаў і перадаваў інфармацыю пра іх месцазнаходжанне. Даныя ён адпраўляў праз тэлеграм-каналы і чат-боты беларускіх і расійскіх службаў, у тым ліку, як сцвярджаецца, чат-бот Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі.

“За выкананне заданняў мужчына разлічваў на наступную “эвакуацыю” з Украіны. Да ўцёкаў ён рыхтаваўся загадзя — сабраў тактычны заплечнік з неабходнымі рэчамі для незаконнага перасячэння дзяржаўнай мяжы. Праваахоўнікі выкрылі яго выведніцкую дзейнасць і затрымалі па месцы жыхарства ў Кіеве”, — адзначае Офіс генпракурора Украіны.

Пра затрыманне ў Кіеве агента беларускіх і расійскіх спецслужбаў Служба бяспекі Украіны паведаміла 29 снежня 2025 года.

“На замову пагранічнага камітэта Беларусі ён шпіёніў за лакацыямі Сіл абароны, а на ўказанні з РФ карэктаваў атакі рашыстаў на энергааб’екты сталічнага рэгіёна”, — заявіў тады афіцыйны прадстаўнік СБУ. Згодна з данымі следства, гэта быў мясцовы рознарабочы, завербаваны праз тэлеграм-каналы, дзе ён “публікаваў пракрамлёўскія каментарыі”.

Паводле слоў спікера СБУ, на падставе інфармацыі ад агента “акупанты спадзяваліся вывесці з ладу ключавыя энергагенеравальныя прадпрыемствы, якія ацяпляюць большую частку жыллёвага фонду і сацыяльнай інфраструктуры Кіева”.

22 чэрвеня паведамлялася пра прадухіленне тэрарыстычнага акта ў Кіеве, які планавалі здзейсніць “завербаваныя ФСБ жыхары Кіева”. Паводле інфармацыі Службы бяспекі Украіны, у выніку “апераджальных дзеянняў” СБУ і Нацыянальнай паліцыі “былі затрыманыя два агенты ФСБ, якія рыхтавалі падрыў аднаго з адміністрацыйных будынкаў” у Шаўчэнкаўскім раёне ўкраінскай сталіцы. Актываваць механізм для выбуху “яны планавалі дыстанцыйна, знаходзячыся ў дарозе ў кіркнку Беларусі, праз якую мелі намер схавацца ў Расіі”.

Падзяліцца: