Лукашэнка пахваліў працу “Алевкурп” — прадпрыемства, якое знаходзіцца пад санкцыямі за дапамогу РФ у вайне

24 верасня, Позірк. Прадпрыемства “Алевкурп” стала “магутным навукова-вытворчым цэнтрам у сферы распрацоўкі, мадэрнізацыі і вытворчасці радыёэлектронных сістэм, ЗВЧ-прылад і зенітнага ракетнага ўзбраення”, якое “добра вядома далёка па-за межамі Беларусі”, заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы кіраўнікоў, работнікаў і ветэранаў гэтай арганізацыі з 30-годдзем з дня яе ўтварэння.
“Вашы перадавыя распрацоўкі, унікальныя канструктарскія рашэнні і якасная прадукцыя сёння ёсць найважнейшай і неад’емнай часткай супрацьпаветранага шчыта нашай краіны, — прыводзіць тэкст паслання прэс-служба віншавальніка. — Безумоўна, за ўсімі значнымі вынікамі стаяць напружаная праца, высокая вытворчая дысцыпліна і адказнасць кожнага супрацоўніка, у тым ліку ветэранаў прадпрыемства, якія заклалі трывалы падмурак прафесіяналізму”.
“Перакананы, што створаныя напрацоўкі і багаты досвед дазволяць вашаму калектыву і надалей уносіць годны ўклад ва ўмацаванне абараназдольнасці краіны”, — гаворыцца ў віншаванні.
Зычыўшы калектыву прадпрыемства “міру, дабра”, Лукашэнка не ўдакладніў, што “Алеўкурп” сярод іншага супрацоўнічае з вайскова-прамысловым комплексам Расіі — краіны, якая ў лютым 2022 года развязала поўнамаштабную вайну з Украінай.
На пачатку верасня 2026 года арганізацыя BelPol паведаміла, што гэта прадпрыемства заключыла кантракт з расійскім акцыянерным таварыствам “Абарончыя сістэмы” на выраб і пастаўку радыёэлектронных перадавальных блокаў УВ-19П.
“Канчатковым атрымальнікам прадукцыі пазначанае <…> Навукова-вытворчае аб’яднанне “Маскоўскі радыётэхнічны завод” <…>. Асноўнай спецыялізацыяй гэтага расійскага прадпрыемства з’яўляецца вытворчасць радыёэлектроннай апаратуры для сістэм супрацьпаветранай абароны, — адзначаў BelPol. — У адкрытых крыніцах НВА “МРТЗ” згадваецца як удзельнік вытворчасці апаратуры для зенітных ракетных сістэм С-300П і С-300ПМУ-1. Прадпрыемства звязана з вырабам камандных пунктаў і сродкаў кіравання С-300, уключаючы кампаненты сістэмы 83М6Е, а таксама з вытворчасцю і абслугоўваннем абсталявання для ЗРК С-125 “Пячора”. Акрамя таго, завод выконвае тэхнічнае абслугоўванне, дыягностыку, рамонт і аднаўленне блокаў сістэм сямейства С-300″.
Варта адзначыць, што Расія выкарыстоўвае комплексы С-300 і С-400, прызначаныя перш за ўсё для супрацьпаветранай абароны, у тым ліку для ўдараў па наземных цэлях ва Украіне.
“Алевкурп” знаходзіцца пад санкцыямі Канады (з лістапада 2022 года), Украіны (з траўня 2023-га), ЗША (са снежня 2023-га), Вялікабрытаніі (са студзеня 2025-га) і Новай Зеландыі (з лютага 2026-га). Усе гэтыя краіны адносяць беларускае прадпрыемства да арганізацый, якія абслугоўваюць РФ у яе агрэсіі супраць украінскага народа.

- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаНяма краіны, дзе не было б ніводнага карыснага рашэння праблем беларусаў — МамаеваМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- ПалітыкаЛатушка назваў сустрэчу Сікорскага з Рыжанковым "мінімальным з магчымых узроўнем камунікацыі"Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- ЭканомікаСтатслужбы Беларусі і Расіі зафіксавалі ў жніўні аднолькавае зніжэнне цэн — да сотых адсотка (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- ЭканомікаЗа пяць гадоў доля стратных прадпрыемстваў павялічылася да 20% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаДарадца Ціханоўскай падтрымаў ідэю надаць Вольнаму беларускаму ўніверсітэту імя Мілінкевіча (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+


