Мінск 00:45

У фарсе пад назвай “выбары“ больш за ўсё палохае прывыканне да абсурду — Ціханоўская

Ілюстрацыйнае фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

6 студзеня, Позірк. У “фарсе, які называецца выбарамі“, больш за ўсё палохае “тое, што мы прызвычаіліся да ненармальнага”, заявіла Святлана Ціханоўская ў спецыяльным відэазвароце.

“Мы прызвычаіліся да абсурду, які нам падаюць пад выглядам “адзінства“. Прызвычаіліся да канцэртаў для аднаго гледача. Прызвычаіліся да навін аб прэвентыўных затрыманнях, якія ўжо нават не шакуюць. Мы прызвычаіліся, што Лукашэнка выдае чарговую недарэчнасць і гэта ўспрымаецца як мем, а не як трагедыя, якая ламае лёсы людзей“, — канстатавала дэмакратычны лідар.

Паводл яе слоў, тое, што адбываецца, успрымаецца як нешта будзённае, частка звыклай рэальнасці. Ціханоўская папрасіла аўдыторыю шчыра адказаць на шэраг пытанняў: “Вы пачуваецеся сябе ў бяспецы? Можаце адкрыта казаць, што думаеце, не аглядаючыся? Ці ўпэўненыя вы ў мірнай будучыні — сваёй, сваіх дзяцей? Ці задаволеныя вы тым, які ў вас узровень жыцця?“

Палітык падкрэсліла, што “людзі з’язджаюць з краіны тысячамі“ — “не за лепшым жыццём, а каб выратаваць сябе, сям’ю, дзяцей”. “А тыя, хто засталіся, жывуць у пастаянна страху — пад наглядам, ціскам, страхам звальнення і рэпрэсій“, — адзначыла яна.

Паводле пераканання Ціханоўскай, кожны “заслугоўвае справядлівасці і жыцця без страху”. “І кожны з нас можа зрабіць свой унёсак для гэтага — дапамагчы тым, хто побач, падтрымаць ініцыятывы“, — мяркуе дэмлідар.

Яна лічыць, што “нават маленькія дзеянні прыводзяць да вялікіх зменаў, галоўнае, не заставацца ў баку і не мірыцца з несправядлівасцю”.

“Беларусь — гэта не сістэма, не ўлада, не іх паказныя “бязвыбары“. Беларусь — гэта ўсе мы”, — заявіла Ціханоўская.

Прэзідэнцкія выбары, якія не прызнаюць апазіцыя і дэмакратычныя краіны Захаду, прызначаныя на 26 студзеня. 70-гадовы Аляксандр Лукашэнка, які лічыць сябе кіраўніком дзяржавы, балатуецца на сёмы тэрмін.

Падзяліцца: