Мінск 23:03

На наступным тыдні Ціханоўская сустрэнецца з прэм’ерам, кіраўніком МЗС, іншымі міністрамі ўрада Нідэрландаў

Парламенцкі і ўрадавы комплекс Біненхоф у Гаазе
Ілюстрацыйнае фота: Mark Boss / unsplash.com

11 студзеня, Позірк. Падчас візіту ў Нідэрланды 13–14 студзеня беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская сустрэнецца з членамі ўрада і дэпутатамі парламента гэтай краіны, паведамляе прэс-служба Аб’яднанага пераходнага кабінета.

Запланаваныя сустрэчы з прэм’ер-міністрам Дзікам Схофам, міністрам замежных спраў Каспарам Вельдкампам, іншымі міністрамі ўрада.

Адзначаецца, што візіт будзе скіраваны на “ўмацаванне міжнароднай падтрымкі беларускага дэмакратычнага руху і пашырэнне сувязей з краінамі-партнёрамі”.

Раней галоўны дарадца дэмлідара Франак Вячорка паведаміў “Позірку”, што на перамовах з уладамі Нідэрландаў акцэнт будзе зроблены на “ўмацаванні міжнароднай салідарнасці, падтрымцы дэмакратычных змен [у Беларусі], павелічэнні падтрымкі для СМІ і грамадзянскай супольнасці”. Таксама, паводле яго слоў, плануецца абмеркаваць зварот Літвы ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе наконт злачынстваў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

15 студзеня ў Бруселі (Бельгія) дэлегацыя дэмсіл возьме ўдзел у другім міжпартыйным форуме “8+100”.

20–24 студзеня з удзелам Ціханоўскай пройдзе Сусветны эканамічны форум у Давосе (Швейцарыя). Палітык “выступіць перад міжнароднымі лідарамі аб дэмакратычнай барацьбе Беларусі, яе геапалітычным значэнні і сувязі паміж свабодай Беларусі і бяспекай Еўропы”, заявіў Вячорка.

Чакаецца, што 27 студзеня Ціханоўская абмяркуе ў Савеце па знешніх справах Еўрасаюза “так званыя бязвыбары” ў Беларусі, а таксама сітуацыю з палітвязнямі і стратэгію ЕС па Беларусі.

Галоўны дарадца палітыка таксама анансаваў яе выступ на Форуме Касцюшкі, які пройдзе 3–4 лютага ў Гданьску (Польшча).

Падзяліцца: