Мінск 22:38

Памер сямейнага капіталу за год павялічыўся на 5,7% — Мінпрацы

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

13 студзеня, Позірк. Памер сямейнага капіталу, які прызначаецца пры нараджэнні (усынаўленні, удачарэнні) трэцяга і наступных дзяцей, на працягу 2025 года будзе складаць 33.275 рублёў, вынікае з інфармацыі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

У параўнанні з 2024 годам ён павялічыўся на 5,7% (1.795 рублёў), адзначае прэс-служба ведамства.

Мінпрацы падкрэсліла, што сямейны капітал надаецца “ў памеры, які дзейнічае на дату нараджэння трэцяга або наступных дзяцей”.

Памер сямейнага капіталу падлягае штогадовай індэксацыі з улікам велічыні індэкса спажывецкіх цэн за папярэдні год у адносінах да папярэдняга года. Летась у кастрычніку тэрмін дзеяння праграмы сямейнага капіталу падоўжылі яшчэ на пяць гадоў — да 2029-га.

Паводле даных міністэрства, на 1 снежня 2024 года сямейны капітал быў налічаны 142.553 шматдзетным сем’ям (годам раней — 132.920; +7,2%).

Адкрыта 82,6 тыс. дэпазітных рахункаў на 826 млн долараў (абодва паказчыкі без змен) і 59,3 тыс. рахункаў (50,3 тыс.; +17,9%) на 1,6 млрд рублёў (1,25 млрд; +28%).

На датэрміновае выкарыстанне сродкаў сямейнага капіталу пададзена 91.206 заяў (79.889; +14,2%), у тым ліку для паляпшэння жыллёвых умоў (80,6% усіх заявак) — 73.544 (65.148; +81,5%), атрымання медпаслуг (11%) — 10.014 (8.519; +10,7%), адукацыі (8,4%) — 7.643 (6.217; +7,8%), набыцця тавараў для інвалідаў — 5 (5).

Летась 23 лютага Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 69, які пастрожвае ўмовы датэрміновага выкарыстання сямейнага капіталу. Цяпер на гэта могуць прэтэндаваць толькі тыя сем’і, у якіх на кожнага члена сям’і прыпадае не больш за 15 квадратных метраў уласнага жылля (у Мінску не больш за 10 кв. м). Таксама сям’я павінна быць згодная зняцца з уліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, пасля выкарыстання сродкаў сямейнага капіталу на адпаведныя мэты.

Усталяваная забарона на адчужэнне набытых з выкарыстаннем сродкаў сямейнага капіталу жылых памяшканняў, права ўласнасці на якія зарэгістраванае да 2022 года, на працягу пяці гадоў з даты рэгістрацыі права ўласнасці.

У адпаведнасці з указам за кошт сямейнага капіталу пакрываюцца выдаткі на медыцынскія паслугі толькі дзяржаўных медустаноў, сродкі пералічваюцца паэтапна (да 50% — пры заключэнні дагавора, канчатковы разлік пасля атрымання медпаслугі).

У сярэдзіне кастрычніка 2023 года ўлады пастрожылі ўмовы выкарыстання сямейнага капіталу на навучанне. Міністэрства адукацыі вызначыла, што “памер сродкаў сямейнага капіталу, якія выкарыстоўваюцца штогод, не можа перавышаць кошту навучання за бягучы і (або) папярэдні навучальны год, у тым ліку для пагашэння існай запазычанасці за навучанне”. Раней падобных абмежаванняў не было.

Падзяліцца: