Мінск 10:58

Ціханоўская заклікала парламентарыяў Нідэрландаў не прызнаваць вынікі выбараў у Беларусі

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

14 студзеня, Позірк. Не прызнаваць вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі заклікала дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, выступаючы 14 студзеня ў Гаазе перад членамі камісіі па замежных справах парламента Нідэрландаў.

“Мы павінны называць рэчы сваімі імёнамі. Лукашэнка — злачынца, які захапіў уладу, і яго нельга прызнаваць. Пацвердзіце гэта рэзалюцыяй”, — адзначыла палітык.

Яна заявіла пра неабходнасць далейшага ціску на Мінск з дапамогай “санкцый і ізаляцыі”.

“Заклікайце да вызвалення палітзняволеных, спынення рэпрэсій і вываду Беларусі з вайны”, — сказала Ціханоўская.

Паводле яе слоў, Нідэрландам трэба падтрымаць зварот Літвы ў Міжнародны крымінальны суд наконт злачынстваў рэжыму Лукашэнкі, паколькі “гэта будзе моцным ударам па ім <…> і пуцінскай Расіі”.

Дэмлідар таксама заклікала Нідэрланды павялічыць падтрымку беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці. Такая падтрымка, падкрэсліла палітык, будзе “інвестыцыяй у мір і бяспеку ўсяго рэгіёну”.

“Далучайцеся да групы за дэмакратычную Беларусь у парламенце Нідэрландаў”, — адзначыла таксама Ціханоўская, звярнуўшы ўвагу, што такія групы “ўжо існуюць у 24 краінах, у тым ліку ў Бельгіі і Люксембургу, а таксама ў Еўрапарламенце”.

Ціханоўская наведвае Гаагу 13–15 студзеня.

Падзяліцца: