Мінск 16:33

Спікер ПП НС паставіў у заслугу Лукашэнку рост аўтамабілізацыі

Фота: ПП НС

16 студзеня, Позірк. “Якасць жыцця расце. Развіццё эканомікі рухае сацыяльную сферу. Прывяду прыклад: у пачатку 1990-х у Беларусі было 500 тыс. аўтамабіляў. Сёння — больш за 3 млн“, — заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў, былы першы намеснік старшыні КДБ Ігар Сергяенка на “інфармацыйнай сустрэчы з энергетыкамі Шаркаўшчынскага раёна” (Віцебская вобласць) 16 студзеня.

“Усё гэта я кажу дзеля таго, каб мы рэальна разумелі, што створана за гэты час, што мы павінны захаваць і ні ў якім разе не страціць“, — заклікаў ён.

Прэс-служба ПП НС адзначае, што “важнай тэмай выступу стала прэзідэнцкая выбарчая кампанія“.

Паводле сцвярджэння Сергяенкі, Захад спрабуе разбурыць эканоміку Беларусі “з дапамогай эканамічных санкцый“ і з дапамогай “фэйкаў”.

“Гадамі ствараецца пэўны ўзровень жыцця, узровень дабрабыту, а страціць гэта, разбурыць можна за адзін раз. Мы бачым, што адбываецца ў суседніх дзяржавах“, — сказаў спікер, заклікаўшы шанаваць тое, што “заваявана продкамі“, і аддаць голас за “стабільную, упэўненую сучаснасць і будучыню”.

Сёмыя прэзідэнцкія выбары прызначаныя на 26 студзеня 2025 года.

Апошнімі днямі дэпутаты ПП НС актыўна бяруць удзел у перадвыбарных прапагандысцкіх мерапрыемствах у падтрымку ўлады. Паводле даных прэс-службы ніжняй палаты за 16 студзеня, праведзена не менш за 44 такія сустрэчы, напярэдадні — больш за 70.

Кампанія адбываецца пад поўным кантролем уладаў. Палітычнае поле краіны цалкам зачышчанае ад актыўных апанентаў Лукашэнкі. Прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл за мяжой называюць тое, што адбываецца, “спецаперацыяй па ўтрыманні ўлады“, праваабаронцы кажуць пра імітацыю канкурэнцыі.

З 1996 года ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнаная незалежнымі назіральнікамі транспарэнтнай і адпаведнай дэмакратычным стандартам.

23 кастрычніка 2024 года беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, Аб’яднаны пераходны кабінет і Каардынацыйная рада прынялі сумесную заяву, у якой заклікалі галасаваць “супраць усіх“.

Падзяліцца: