Мінск 15:17

Міністэрства аховы здароўя злоўжывае правам на выданне прававых актаў — намесніца кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі

17 студзеня, Позірк. Міністэрства аховы здароўя злоўжывае дадзеным яму правам на выданне прававых актаў і насуперак дэкрэту Аляксандра Лукашэнкі аб развіцці прадпрымальніцтва прымае акты па санітарных нормах. Да такой высновы прыйшла камісія, створаная ўладамі для “рэвізіі заканадаўства”.

Як паведаміла ў эфіры дзяржаўнага “Першага інфармацыйнага” канала намесніца кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Вольга Чупрыс, падчас згаданай “рэвізіі” камісія сутыкнулася з тым, што шэраг міністэрстваў злоўжываюць сваімі кампетэнцыямі, “такіх выпадкаў няшмат, але іх наяўнасць сама па сабе ўжо трывожны званок і сур’ёзнае парушэнне“.

Для “рэвізіі заканадаўства”, сказала чыноўніца, было створана дзевяць экспертных груп, якія “працавалі ў звязку з профільнымі міністэрствамі”. Па выніках іх работы падрыхтавана пастанова ўрада, якой прызнаюцца нядзейснымі 1,5 тыс. нарматыўна-прававых актаў.

Паводле слоў Чупрыс, у Нацыянальным рэестры прававых актаў цяпер знаходзіцца больш за 170 тыс. дакументаў, каля 55 тыс. з іх — пастановы ўрада і рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання. “Дэтальны аналіз”, паводле слоў спікера, праведзены ў дачыненні да 15 тыс. дакументаў, якія вынікаюць з 27 кодэксаў, 221 закона і 55 дэкрэтаў і ўказаў Лукашэнкі.

У выніку, заявіла намесніца кіраўніка адміністрацыі, выяўлена каля 8 тыс. “дастаткова сур’ёзных недахопаў”.

“Каля 570 актаў рэгулююць падобныя праваадносіны, значыць тут ёсць варыянты для роздумаў. Частка з іх можа быць аб’яднаная адзін з адным. Прыкладна 400 актаў не ўзгадняюцца паміж сабой”, — паведаміла Чупрыс. Яна дадала, што камісія таксама выявіла дакументы аб’ёмам больш за 100 старонак і акты каля 1.000 старонак. “Гэта не тое што цяжкарэалізуемыя, гэта нечытэльныя прававыя акты”, — сказала чыноўніца.

Паводле яе слоў, больш за ўсё недахопаў у актах выяўлена ў сацыяльнай сферы, менш за ўсё нараканняў у камісіі да сілавога блока.

Спікер адзначыла, што ў сярэднім кожнае міністэрства штогод прымае каля 50 актаў, аднак ваганні ў лічбах “сур’ёзныя” — ад 5 дакументаў у Дзяржпагранкамітэце да 308 у Міністэрстве адукацыі. Па 100 актаў за год выдаецца ў сістэме Міністэрства аховы здароўя і Мінкульта.

Камісія прыйшла да высновы, што ў сацыяльнай сферы вялікая колькасць “так званых тэхнічных дакументаў”, у якіх выкладзены, напрыклад, методыкі адукацыі або лячэння, звярнула ўвагу Чупрыс.

Паводле яе слоў, міністэрствы, якія выдаюць вялікую колькасць актаў з лічбавымі паказчыкамі (Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, Мінэканомікі, Мінспорту, Мінсельгасхарч), “загрувашчваюць прававы масіў”.

Чыноўніца анансавала стварэнне адзінага рэестра лічбавых паказчыкаў і ў цэлым спрашчэнне працэсу прыняцця такіх актаў.

“У нашай тэхнічнай базе нарматыўна-прававых актаў з’явіцца лічбавы рэестр, у які можна будзе ўвайсці і паглядзець тыя лічбавыя паказчыкі, якія табе цікавыя ў той ці іншы перыяд”, — удакладніла яна, дадаўшы, што да працы па ўдасканаленні нарматворчасці плануецца падключыць штучны інтэлект.

18 ліпеня 2024 года на сустрэчы з суддзямі Канстытуцыйнага суда Аляксандр Лукашэнка заявіў, што прынятыя ў Беларусі нарматыўна-прававыя акты “не заўсёды працуюць на практыцы” — і гэта “вялікая бяда”. Тады ж ён даручыў сваёй адміністрацыі арганізаваць маштабную рэвізію заканадаўства.

Паводле яго слоў, зараз дзейнічаюць 175 тыс. актаў: “Катастрофа! Некаторыя з іх цяжкія для чытання і ўспрымання, перагружаныя, асобныя пытанні зарэгуляваны. Многія нормы паўтараюцца, у акты ўносяцца шматлікія карэкціроўкі”.

Чупрыс, каментуючы даручэнне Лукашэнкі, тады адзначала, што неабходнасць рэформы заканадаўства абумоўлена “эвалюцыйным рухам, які адбываўся ў Рэспубліцы Беларусь на працягу 30 гадоў яе існавання як самастойнай, незалежнай дзяржавы”. “І вось гэты эвалюцыйны рух у рэшце рэшт прывёў да таго, што вялікая колькасць нарматыўных прававых актаў стала цяжкім для прымянення”, — лічыць яна.

Вынікі працы, адзначыла чыноўніца, павінны быць прадстаўленыя Лукашэнкам 1 сакавіка 2025 года.

Падзяліцца: