Мінск 02:14

Дзеянні кандыдатаў былі практычна незаўважныя для шырокай аўдыторыі — праваабаронцы

Крыніца: ЦВК

25 студзеня, Позірк. У сітуацыі “імітацыі канкурэнцыі” дзеянні “ўсіх кандыдатаў, акрамя А. Лукашэнкі, які карыстаўся адміністрацыйным рэсурсам, былі практычна незаўважныя для шырокай аўдыторыі”, гаворыцца ў справаздачы кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” па выніках назірання за агітацыяй у рамках мерапрыемства, якое афіцыйны Мінск заве “прэзідэнцкімі выбарамі”.

Праваабаронцы адзначылі, што ў рамках этапу агітацыі “павінна была б весціся палітычная барацьба паміж кандыдатамі ў прэзідэнты”, разам з тым “большасць кандыдатаў не пазіцыянавалі сябе як рэальную альтэрнатыву А. Лукашэнку, а хутчэй агітавалі за яго”.

Паводле справаздачы, патрабаванні заканадаўства ў частцы публікацыі перадвыбарных праграм і надання эфірнага часу на ТБ и радыё былі выкананыя, але “не даводзіцца казаць пра роўнасць кандыдатаў у выкарыстанні СМІ”. У той жа час аўтары справаздачы ўгледзелі “прыкметы распальвання варожасці” ў выступах некаторых кандыдатаў, у прыватнасці лідараў праўладных партый — Алега Гайдукевіча (Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі) і Сяргея Сыранкова (Камуністычная партыя Беларусі), што “забаронена арт. 47 ВК”.

“Перадвыбарная агітацыя праходзіла ў няроўных умовах: у падтрымку А. Лукашэнкі быў задзейнічаны адміністрацыйны і прапагандысцкі рэсурс вертыкалі ўлады, праўладных грамадскіх арганізацый і дзяржаўных СМІ”, — гаворыцца ў справаздачы.

На думку праваабаронцаў, для агітацыйнай кампаніі Лукашэнкі былі выкарыстаныя “адміністрацыйныя і інфармацыйныя магчымасці, якія прыкладаюцца да пасады прэзідэнта”, “акцыі ў рамках “Марафона адзінства” і раскрутка лозунгу “Час выбраў нас!”, флэшмоб “Надо!”, сустрэчы чыноўнікаў — давераных асоб з калектывамі дзяржпрадпрыемстваў і ўстаноў, “у тым ліку ў працоўны час”. Інфармаванне пра выбары агулам, мяркуюць праваабаронцы, утрымлівала ўтоеную агітацыю за Лукашэнку.

“Свядома падтрымліваемая невыразная грань паміж выкананнем дзяржаўных абавязкаў і агітацыяй дазволілі А. Лукашэнку сумяшчаць афіцыйныя візіты, сустрэчы і паездкі з фактычнай агітацыяй, карыстаючыся прывілеямі шырокага інфармацыйнага абслугоўвання пасады прэзідэнта за дзяржаўны кошт, — гаворыцца ў справаздачы. — Таксама прынятае А. Лукашэнкам у афіцыйнай якасці прэзідэнта рашэнне аб падвышэнні пенсій падчас выбараў можа разглядацца як подкуп выбаршчыкаў і з’яўляецца формай выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу”.

Аўтары дакумента канстатавалі, што “цалкам кантраляваныя ўладамі выбары-2025, уключна з этапам агітацыі, праходзяць у рэпрэсіўным клімаце, ва ўмовах зачышчанага палітычнага і інфармацыйнага поля”.

Экспертная місія па назіранні за выбарамі-2025 працуе ў рамках кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, арганізаванай праваабарончым цэнтрам “Вясна” і Беларускім Хельсінкскім камітэтам.

Сёмыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прызначаныя на 26 студзеня 2025 года (датэрміновае галасаванне пачалося 21 студзеня і працягнецца пяць дзён).

Апрача Лукашэнкі, Гайдукевіча і Сыранкова кандыдатамі на пасаду прэзідэнта зарэгістраваныя лідар лаяльнай да ўладаў Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці Аляксандр Хіжняк, а таксама былы член Аб’яднанай грамадзянскай партыі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў у 2016–2019 гадах, удзельніца выбарчай кампаніі 2020 года Ганна Канапацкая. Апошняя пазіцыянуе сябе як “дэмакратычную альтэрнатыву”, аднак крытыкуе не Лукашэнку, а яго апанентаў, што знаходзяцца ў турме ці за мяжой.

Кампанія праходзіць пад поўным кантролем уладаў. Палітычнае поле краіны цалкам зачышчанае ад актыўных апанентаў Лукашэнкі. Прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл за мяжой называюць тое, што адбываецца, “спецаперацыяй па ўтрыманні ўлады”, праваабаронцы кажуць пра імітацыю канкурэнцыі. З крытыкай выбараў выступілі Еўрапарламент, ЗША, шэраг іншых дэмакратычных дзяржаў ды інш.

З 1996 года ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнаная незалежнымі назіральнікамі транспарэнтнай і адпаведнай дэмакратычным стандартам.

Падзяліцца: