Мінск 20:23

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі не могуць лічыцца легітымнымі — МЗС Чэхіі

Прага
Ілюстрацыйнае фота: Anthony Delanoix / unsplash.com

28 студзеня, Позірк. “Так званыя прэзідэнцкія выбары” ў Беларусі “праходзілі ў атмасферы шматгадовых рэпрэсій, сістэматычных парушэнняў правоў чалавека, поўнага падаўлення ўдзелу апазіцыйных сіл і абмежавання свабоднага доступу да інфармацыі”, гаворыцца ў заяве МЗС Чэхіі.

Адзначана, што “галасы беларусаў за мяжой былі цалкам праігнараваныя”.

У дакуменце канстатуецца, што “адзінай мэтай падрыхтоўкі, тэрмінаў і правядзення так званых выбараў было пацвярджэнне легітымнасці Аляксандра Лукашэнкі”.

“Так званыя выбары не адпавядалі асноўным параметрам дэмакратычных выбарчых працэсаў і таму, як і ў 2020 годзе, не могуць лічыцца легітымнымі”, — падкрэсліла чэшскае знешнепалітычнае ведамства.

МЗС Чэхіі настойвае на тым, што “канстытуцыйнае права грамадзян Беларусі выбіраць сваіх прадстаўнікоў можа быць рэалізаванае толькі шляхам правядзення свабодных, справядлівых і празрыстых выбараў”. “Плюралістычнае палітычнае асяроддзе без страху пераследу ці арышту, свабода слова, свабода СМІ і свабода сходаў з’яўляюцца найважнейшымі перадумовамі. Сёння ў Беларусі адсутнічаюць усе гэтыя ўмовы”, — гаворыцца ў заяве.

Чэшскія дыпламаты нагадалі, што “місія па назіранні за выбарамі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека была запрошаная Беларуссю ўсяго за 10 дзён да так званых выбараў, што зрабіла яе ўдзел практычна немагчымым”.

Электаральная працэдура, названая афіцыйным Мінскам “прэзідэнцкімі выбарамі”, адбылася 26 студзеня. На падставе папярэдніх вынікаў пераможцам абвешчаны Аляксандр Лукашэнка, канчатковыя падвядуць 3 лютага.

Пра непрызнанне “фіктыўных выбараў” у Беларусі ўжо заявілі краіны Еўрасаюза, а таксама Вялікабрытанія, Канада, Аўстралія, Новая Зеландыя, Украіна.

Падзяліцца: