Мінск 15:36

30 студзеня тэмпературныя рэкорды абнавіліся на ўсіх метэастанцыях Беларусі, у Жлобіне — новы максімум месяца

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

31 студзеня, Позірк. Шосты дзень запар у Беларусі фіксуюцца тэмпературныя рэкорды. 30 студзеня гістарычныя максімумы дня абноўленыя на ўсіх метэастанцыях, у Жлобіне перапісаны рэкорд студзеня, сведчыць праведзены “Позіркам“ параўнальны аналіз аператыўных і архіўных звестак Белгідрамета.

Абсалютны максімум дня, які пратрымаўся 23 гады, перавышаны на 2,6 градуса: у Пінску паветра прагрэлася да 12,3 градуса вышэй за нуль (было 9,7 у 2002 годзе ў Высокім).

У Мінску рэкорды абнаўляюцца чацвёрты дзень запар. 30 студзеня ранейшы максімум перавышаны амаль на 5 градусаў (9,2 супраць 4,3 у 2018 годзе).

У Брэсце мінулым днём было 11,5 (8,8 у 2002 годзе), Гродне — 10 (6,8 у 2018-м), Гомелі — 8,8 (5,5 у 1983-м), Магілёве — 8,6 (3,7 у 2016-м), Віцебску — 6,7 (4,9 у 2016-м).

Новы рэкорд студзеня зарэгістраваны ў Жлобіне — 10,1 градуса (было 10 градусаў 10 студзеня 2007 года і 11 студзеня 2005-га).

Згодна з прагнозам Белгідрамета, днём 31 студзеня чакаецца да 10 градусаў вышэй за нуль пры гістарычным рэкордзе 9,5 (у 2002 годзе ў Брэсце). Затым пахаладае: днём 1 лютага— не вышэй плюс 5, 2-га — да плюс 2.

Падрабязнасці даступныя падпісчыкам “Позірк+”

Падзяліцца: